Житель д. Калиты Славомир Калитский держит большое хозяйство

Общество

Лад жыцця – нястомны

Некалькі тыдняў таму ў вёску Каліты Дунілавіцкага сельсавета прыязджаў журналіст са сталіцы — ураджэнец суседняга, Глыбоцкага, раёна. Ён займаецца краязнаўствам, у польскіх і беларускіх архівах знайшоў цікавыя звесткі з гісторыі Каліт. Напрыклад, што вёска заснавана яшчэ ў другой палове ХVI стагоддзя і яе першымі жыхарамі былі зусім не сяляне, а шляхта. Захаваліся нават іх прозвішчы і фотаздымкі размяшчэння хат.

Толькі пародзістыя!

Асфальт да Пятровіч, гравійка — да Сяргеевіч, пясчанка — да Каліт. Усяго ад Пастаў — 40 кіламетраў. Але ў спёку ды ў воблаках пылу дарога падалася даўжэйшай. «Ці не заблыталіся?» — занепакоіліся з вадзіцелем, калі ехалі і ехалі лесам, а вёскі ўсё не было бачна. Нарэшце вачам адкрыўся луг, а на ім — статак з сямі кароў. Здагадваюся, што гэта Славамірава «ферма». А крыху пазней ён ужо знаёміць мяне са сваімі рагулямі: Алісай, Мураўкай, Вераснічкай, Герай, Ластаўкай, Мішэль, Умкай. Усе — чыстыя, сытыя, ласкавыя прыгажуні. Яшчэ адна, сямімесячная цялушка Ася, пакуль утрымліваецца ў хляве. Але ў хуткім часе гаспадар увядзе яе ў статак, каб прывыкала да пашы.

— Умка і Аліса такія цікаўныя! — усміхаецца клапатлівы гаспадар. — Як толькі пачуюць якую-небудзь машыну, так і спяшаюцца да дарогі. Стрымлівае электрапастух. А ля дома могуць і пацерціся аб машыну, палізаць шкло.

Радасна Славаміру Каліцкаму назіраць за сваімі рагулямі

Рагулі пачалі «абследаваць» і мяне: тыкаліся пысамі ў далоні, сумку, цягнуліся лізнуць фотаапарат. Ад іх пахла малаком і сонцам. Тым часам Славамір працягваў расказваць:

— Трымаю шэсць кароў і дзвюх цялушак. Яны ў мяне трох парод: джэрсейскай, сіментальскай і швіцкай. Першую карову, джэрсейку, купіў у 2007 годзе ў фермера з Сенненскага раёна. Праз два гады набыў бычка такой жа пароды. А зараз мне прывозяць сперму для асемянення кароў з Падольскай эксперыментальнай базы па жывёлагадоўлі. Усе каровы і цялушкі пакрытыя. Першы ацёл чакаецца ў лістападзе, астатнія — у снежні.

Каровы высокаўдойныя, найстарэйшая — шостай лактацыі. Кожная дае па 30 і больш літраў малака. І ўсё яго Славамір выдойвае ўручную, нягледзячы на тое, што мае электрадаілку. Прызнаецца, што паспрабаваў выкарыстоўваць яе, але ў дзвюх рагуль утварыўся мастыт. Таму ён вырашыў не рызыкаваць. Кароў доіць тры разы на дзень, першую дойку пачынае ў 4 га­дзіны раніцы.

— А як інакш? — кажа. — У 6.30 прыязджае малакавоз забіраць малако. — Трэба, каб к гэтаму часу яно астыла. Для яго ахаладжэння замарожваю ў пластыкавых бутэльках ваду. Зараз штодня здаю 110—125 літраў, было і па 150. Кожны год прадаю дзяржаве больш за 40 тон. Сям’і пакідаю не больш за 10 літраў на дзень, і то, калі хочам зрабіць тварог або кісляк. Масла, сыр, смятану купляем у аўтамагазіне. Вельмі любім прадукцыю Пастаўскага малаказавода: яна смачная і якасная. А вырабляць сваю няма калі.

Статку буйной рагатай жывёлы з васьмі галоў патрабуецца шмат зялёнага корму. Летам пашы хапае. А каб назапасіць 40 тон сена на стойлавы перыяд, даводзіцца нямала пашчыраваць. І тут без тэхнікі не абысціся. У Каліцкіх ёсць трактары — «МТЗ-50» і «Т-25», ротарная касілка, два прэсы: адзін рулоніць сена, другі — цюкуе. На тэхніцы працуе і рамантуе яе малодшы брат Славаміра Пётр. Але як я ні старалася разгава­рыць яго, не атрымалася. «Я тут ні пры чым», — аднекваўся і заспяшаўся на трактары на сенажаць па цюкі.

— Насамрэч яшчэ як пры чым! — хваліў брата Славамір. — Без Пеці я не ўправіўся б з такой вялікай гаспадаркай. Займаюся ў асноўным жыўнасцю, а на яго плячах — уся тэхніка. І зямлю апрацоўвае, і кармы нарыхтоўвае. Кожнае лета стараемся назапасіць іх столькі, каб мець пераходны фонд.

«Дэндрарый» для курэй

Ведаючы яшчэ пра адно Славамірава захапленне, пытаюся, як маецца яго птушынае царства. «Хадземце пакажу! — вядзе ён мяне праз двор да гаспадарчых пабудоў. — Вось тут у мяне «дэндрарый» для нясушак. У вальеры для птушак пасадзіў ядловец, дрок, ляшчыну, каліну, рабіну і іншыя кусты. Вунь як яны ўжо разрасліся! І ведаеце для чаго? Каб каршуны не наляталі на птаства. Дзякаваць Богу, пакуль гэтага не здаралася.

Першых пародзістых курэй Славаміру Каліцкаму прывёз з малдаўскага калекцыянарыя яго сябар. У той час (а гэта было да дэнамінацыі) адна курыца каштавала… мільён рублёў! І пайшло-паехала! За многія гады развёў курэй (купляў і куранятамі, і з яек выводзіў) ажно 18 парод. Для кожнай рабіў асобны вальер і асобна даглядаў.

— Усё гэта вельмі клопатна і патрабавала шмат часу, — расказваў. — Зараз я ўжо не так пільна, як раней, сачу за тым, каб пароды не змяшаліся. Затое сам вывеў адну. Каб кураняты атрымаліся чыстапароднымі, нясушак, якія пахадзілі з пеўнямі іншай пароды, па тры тыдні трымаю на каранціне. Толькі пасля гэтага бяру ад іх яйкі на кладку.

Дарослых курэй у Каліцкіх больш за 100 і столькі ж куранят. Пра птаства Славамір расказвае з не меншым захапленнем, чым пра рагуль: «Вось вы фарбуеце яйкі на Вялікдзень. А ў мяне куры вельзумерскай пароды нясуць яйкі такога ж колеру, як пафарбаваныя настоем шалупіння цыбулі. Яйкі легбараў — блакітныя і зеленаватыя. Як складу ў латку «кампазіцыю» з вішнёвых, чырвоных, белых, блакітных, зеленаватых — заглядзенне! Цікавыя і такія пароды, як віяндот залацісты і серабрысты, баркоўская барвістая, брэс галуа і іншыя. Адкуль толькі не прыязджаюць да мяне купляць куранят і яйкі! Ніякіх праблем з рэалізацыяй не маю, хаця вясной штодня збіраю да 90 яек. Але яны ніколі не залежваюцца».

І гэта пры тым, што не рэкламуе сваё падвор’е ў сацыяльных сетках. Дарэчы, прызнаўся, што з інтэрнэтам не сябруе. «Баюся завіснуць у ім, — казаў. — Мне шкада марнаваць час на віртуальнасць. Хапае рэальных спраў».

І мноства кветак

Як толькі я выйшла з рэдакцыйнай машыны ля дома Каліцкіх, у тую ж хвіліну ап’яніў добра знаёмы з вясковага дзяцінства водар флёксаў. Іх было шмат пад вокнамі дома, і яны пышна квітнелі. А ў прасторным агародчыку насупраць панадворка каралевай раскашавала ружовая гартэнзія, жырафам узвышаўся ўсыпаны бэзавымі кветкамі клемаціс, рознымі колерамі стракацелі іншыя кветкі.

Ведаючы, што ў сям’і Каліцкіх, акрамя двух братоў — Славаміра і Пятра, — ёсць яшчэ толькі 95-гадовая хворая маці, нямала здзівілася: хто займаецца кветкамі? «Я займаюся, — адказаў Славамір. — Ды гэта яшчэ не ўсе. Хадзем да цётчынага дома, які пасля яе смерці перайшоў пад мой нагляд. Пабачыце, колькі іх там. Адных вяргіняў розных гатункаў кустоў, напэўна, каля 100. Штогод разрастаюцца. Выкідваць клубні шкада. Шмат каму раздаю, ну і сам саджу». Мноства кветак не толькі ў агародчыку. Петуніі ў гаршках упрыгожваюць сцены старэнькага дома. Праз аконнае шкло выглядваюць пакаёвыя кветкі. Немагчыма было не здзівіцца выбранай цыбуляй-сямейкай, якая па сваіх памерах ніколькі не саступае цыбулі-сеянцы, а то і перавышае яе. Уразілі раскошныя цёмна-зялёныя кусты памідораў у адкрытым грунце, ані не кранутыя фітафторай. Даведалася ад гаспадара, што гэта ўстойлівы да фітафторы гатунак — «плод любви», пладаносіць да самых маразоў.

Багата ўрадзілі сёлета ў Каліцкіх зерневыя. Каля гектара займала азімая пшаніца, намалацілі яе 7 тон. Яшчэ на адным гектары сеялі авёс і ячмень, таксама ўрадзілі. Пакуль што не выбіралі бульбу, якую садзілі на 30 сотках, але ўпэўненыя, што яна, як і кожны год, таксама ўраджайная: садзілі ў добра ўгноеную і старанна апрацаваную глебу і ажно 20 гатункаў.

— На ўсё мы багатыя, — усміхаецца мой суразмоўца. — Толькі садавіны сёлета няма: у маі моцны град пабіў на яблынях увесь цвет. Пашкодзіў і ўсходы агародніны, давялося адсаджваць.

Магчыма, прачытаўшы гэты артыкул, хтосьці не пазайздросціць, а паспагадае яго галоўнаму герою, які працуе, сапраўды, нястомна. Але бачылі б вы, як натхнёна Славамір расказвае пра сваю гаспадарку, які захоплены ёй, як не ўяўляе сабе іншага ладу жыцця! Пачуўшы маё пытанне, ці не марыў у юнацтве жыць у горадзе, нават здзівіўся і адказаў: «Ніколі і думкі такой не ўзнікала. Тут жылі мае прадзеды, дзяды, бацькі. І я прырос да гэтай зямлі назаўсёды».

Ах, каб так прырасталі і іншыя! Тады і дзяржава ў цэлым не мела б вялікіх клопатаў пра харчовую бяспеку.

Фаіна Касаткіна. Фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.