Реквием по расстрелянному гетто. В Поставах почтили память евреев, убитых фашистами 80 лет назад

Главное История

Рэквіем па расстраляным гета

У Паставах ушанавалі памяць пра яўрэяў, забітых фашыстамі 80 гадоў назад

21 лістапада 1942 года — сумная і трагічная дата ў гісторыі горада Паставы. У гэты дзень гітлераўцы знішчылі некалькі тысяч яўрэяў, якія знаходзіліся ў гета ў раёне сучасных вуліц Ленінскай і М. Горкага. Большасць расстралялі з аўтаматаў і кулямётаў паблізу загадзя падрыхтаваных магіл, а тых, хто адмовіўся выходзіць з дамоў, спалілі жывымі.

Праз 80 гадоў, 22 лістапада 2022-га, гараджане ў чарговы раз успаміналі ахвяр тых жудасных падзей. Ля помніка, устаноўленага на месцы былога гета па вуліцы М. Горкага, прайшоў мітынг-рэквіем «Памяці расстралянага гета» з удзелам прадстаўнікоў мясцовай улады, грамадскіх арганізацый, сілавых структур, школьнікаў. Сярод ганаровых гасцей мерапрыемства быў пракурор Віцебскай вобласці Ігар Украінец, які адным з першых выступіў перад прысутнымі.

— Масавыя расстрэлы, спальванне мірных жыхароў, душагубкі, лагеры смерці, гета… Нельга пералічыць і зразумець таго, што ўчынялі нацысты на нашай шматпакутнай зямлі, — гаварыў Ігар Уладзіміравіч. — Гэта небывалая трагедыя ў нашай гісторыі, і яе вывучэнне працягваецца. У рамках расследавання крымінальнай справы аб генацыдзе беларускага народа падчас Вялікай Айчыннай вайны пракуроры ўстанаўліваюць усё новыя і новыя факты жудасных злачынстваў нацыстаў і іх пасобнікаў. І сёння, аддаючы даніну памяці загінулым яўрэям, мы павінны яшчэ раз асэнсаваць па­дзеі мінулага і яшчэ больш цаніць мір, у якім жывём.

Гэту думку ў сваім выступленні выказаў і намеснік старшыні райвыканкама Станіслаў Чымбург. Ён таксама адзначыў:

— Сённяшняя сумная дата адгукаецца ў нашых сэрцах моцным болем. Цяжка ўявіць, што тут ва ўмовах антысанітарыі, недахопу ежы, лякарстваў, жорсткага холаду знаходзіліся некалькі тысяч чалавек. Яўрэйскіх жанчын і мужчын, пажылых людзей і дзяцей сагналі сюды ў лютым 1942 года з адной мэтай — знішчыць. На працягу 10 месяцаў нацысты тут адпрацоўвалі свае варварскія методыкі знішчэння яўрэйскага насельніцтва — таго, што пазней назавуць Халакостам. І сёння, калі міжнародная абстаноўка застаецца нестабільнай і напружанай, калі адкрыта гучаць галасы неанацыстаў і шавіністаў, вельмі важна памятаць урокі гісторыі і фарміраваць непрымірымыя адносіны грамадскасці да ідэй фашызму.

Наколькі гэтыя ідэі бесчалавечныя, пераконваешся, вывучаючы гісторыю пастаўскага гета. Тады, у лютым 1942-га, яўрэям далі ўсяго 6 гадзін, каб перасяліцца са свайго жылля ў дамы, пакінутыя беларусамі і мясцовымі татарамі. Усю тэрыторыю гета немцы абнеслі дашчатым плотам з калючым дротам уверсе. З яўрэяў бясконца здзекаваліся, прымушалі іх цяжка працаваць, амаль не даючы ежы і часу на адпачынак.

Пра тое, што адбывалася ў гета ў ноч на 21 лістапада, можна прачытаць у кнізе «Ізгор», дзе запісаны сведчанні відавочцаў: «У 3 гадзіны ночы яўрэі пачулі галасы. Паліцаі загадалі тэрмінова пакінуць гета. Разбудзілі дзяцей. Усе вельмі спалохаліся, бо адразу зразумелі, што гэта азначае. Было загадана пастроіцца ў шэрагі па 4 чалавекі. Немцы загадалі ісці да чыгуначнага пераезда. Было зразумела, што вядуць забіваць».

Cтаршыня Пастаўскай раённай арганізацыі ГА «Беларуская асацыяцыя былых непаўналетніх вязняў фашызму» Рыгор Леснікаў і пракурор Віцебскай вобласці Ігар Украінец устанаўліваюць таблічку ля помніка загінулым яўрэям

У акце Надзвычайнай дзяржаўнай камісіі па расследаванні злачынстваў, здзейсненых нямецка-фашысцкімі захопнікамі ў Паставах і Пастаўскім раёне, ад 3 мая 1945 года зафіксаваны і такія жахлівыя факты: «[У гета] шэф жандармерыі Шміт, камендант паліцыі Кезік і іншыя саўдзельнікі здзекаваліся са зняволеных, марылі іх голадам, мучылі і забівалі без усялякай прычыны. На вачах мужоў і бацькоў гвалтавалі маладых жанчын і дзяўчат і ў далейшым па-садысцку забівалі іх».

У дзень расстрэлу зняволеных прымушалі бегчы да ўжо выкапаных магіл. «У яўрэйкі Вайнер фашысцкія вылюдкі выхапілі з рук 5-месячнае дзіця і на яе вачах ра­зарвалі яго, а самой Вайнер адрэзалі грудзі, выламалі рукі, ногі і расстралялі», — засведчана ў акце.

21 лістапада 1942 года былі знішчаны яўрэі не толькі пастаўскага, але і дунілавіцкага гета. Ахвярамі нацыстаў сталі 828 чалавек, 300 з якіх – дзеці.

Былі і выпадкі выратавання з гета. Падпольшчыкам удалося даведацца пра планы немцаў па знішчэнні гета, і яны дапамаглі некаторым вязням збегчы ў казянскі лес да партызан. Некаторыя яўрэі засталіся ў жывых дзякуючы мясцоваму насельніцтву, якое хавала іх у сваіх дамах.

На жаль, такіх выпадкаў было няшмат. І тое зверства, якое ўчынілі нацысты над яўрэямі, ніколі не павінна забыцца. Памочнікамі ў гэтым пытанні становяцца сучасныя тэхналогіі, пра што сведчыць рэспубліканскі праект «Захаваем гісторыю». У яго рамках падчас мітынгу-рэквіема была ўстаноўлена таблічка з QR-кодам, навёўшы на які мабільны тэлефон, можна даведацца інфармацыю пра гета.

Устанавілі таблічку старшыня Пастаўскай раённай арганізацыі ГА «Беларуская асацыяцыя былых непаўналетніх вязняў фашызму» Рыгор Леснікаў і Ігар Украінец. Пасля заканчэння мерапрыемства пракурор Віцебскай вобласці адзначыў: «З красавіка мінулага года, калі была ўзбуджана крымінальная справа аб генацыдзе беларускага народа падчас Вялікай Айчыннай вайны, пракурорамі Віцебшчыны апытана больш за 2,5 тысячы чалавек, у тым ліку відавочцаў падзей Вялікай Айчыннай. На аснове атрыманых даных устаноўлены 63 невядомыя раней пахаванні. На трох з іх праведзены пошукавыя работы. Астанкі загінулых знойдзены ва Ушацкім, Гарадоцкім, Бешанковіцкім раёнах. Вялікая работа вядзецца па стварэнні карты спаленых вёсак, многія з якіх раздзялілі сумны лёс Хатыні».

У той дзень Ігар Украінец таксама прыняў удзел у рабоце каардынацыйнай нарады па барацьбе са злачынствамі і карупцыяй у Пастаўскім раёне. Яна адбылася ў раённым выканаўчым камітэце з удзелам старшыні райвыканкама Сяргея Чэпіка і яго намесніка Станіслава Чымбурга, кіраўніцтва праваахоўных органаў, старшынь сельскіх Саветаў, прадстаўнікоў ЦРБ, начальнікаў аддзелаў райвыканкама і іншых. На разгляд выносілася пытанне аб эфектыўнасці работы праваахоўных і іншых дзяржаўных органаў па выкананні Закона Рэспублікі Беларусь «Аб асновах дзейнасці па прафілактыцы правапарушэнняў» у частцы папярэ­джання рэцыдыўнай злачыннасці і злачынстваў, якія здзяйсняюцца ў стане алкагольнага ап’янення. Заслухана і абмеркавана інфармацыя намесніка пракурора Пастаўскага раёна Ігара Ластоўскага і начальніка Пастаўскага РАУС Дзмітрыя Куталёва. Па выніках нарады прынята рашэнне, якое разаслана ўсім зацікаўленым органам для абавязковага выканання.

Іна Сняжкова. Фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.