Райинспекция по семеноводству, карантину и защите растений следит за «самочувствием» растений во время роста

Сельское хозяйство

Маніторынг метадам маналітаў

Для таго каб атрымаць добры ўраджай, недастаткова пасеяць культуру. На працягу перыяду росту трэба сачыць за «самаадчуваннем» раслін. Гэтым займаюцца работнікі раённай інспекцыі па насенняводстве, каранціне і ахове раслін.

З вядучым аграномам установы Валерыем Бучам едзем на поле ААТ «Кураполле-агра», дзе пасеяны азімы ячмень. Валерый закончыў Беларускую дзяржаўную сельскагаспадарчую акадэмію і ўладкаваўся ў раённую інспекцыю. Любоў да прафесіі пераняў ад дзядулі — Вячаслава Бучы, які шмат гадоў адпрацаваў галоўным аграномам ААТ «Хацілы-агра».

— Летась азімы ячмень вырошчвалі толькі ў «Камайскім-агра» і «Навасёлках-Лучаі», — расказваў Валерый. — Восенню пасеялі яго больш чым на 1 000 гектараў у астатніх сельгаспрадпрыемствах, за выключэннем «Ярэва-агра». А ўвогуле азімыя збожжавыя займаюць у раёне амаль 15 000 гектараў. Цёплая восень спрыяла павелічэнню перыяду вегетацыі. У зімоўку расліны ўвайшлі ў добрым стане.

Валерый Буча раскладвае лінейку для замеру маналіта

Аднак практыка паказвае, што гібель пасеваў здараецца кожны год. Перапады тэмператур, моцныя маразы або празмерная вільгот­насць, тонкі слой снегу, якога недастаткова для сагравання раслін, снежная цвіль і іншыя прычыны могуць пашкодзіць пасевы. З мэтай выяўлення жыццядзейнасці раслін і праводзіцца маніторынг стану азімых культур і рапсу метадам маналітаў.

Маналіт – гэта кавалак глебы размерам 50х50 см, таўшчынёй 15 см з азімымі культурамі, узятымі для аналізу развіцця раслін.

Спыняемся на ўскрайку поля. Валерый бярэ з сабой мятлу, спецыяльную лінейку, лапату і скрыню для адбору проб. Снежнае покрыва не тоўстае, снег лёгка размятаецца. На зялёную праталіну спецыяліст кладзе лінейку памерам 50 на 50 сантыметраў і акуратна, каб не пашкодзіць карэнішча, выкопвае грунт з усходамі.

Сёлета праблем з адборам маналітаў няма. А летась маразы так скавалі зямлю, што нават жалезным ломам не ўдавалася здабыць. Прыкладна 2-3 дні маналіты трымаюць у памяшканні з тэмпературай +5—10°C, затым змяшчаюць у светлае памяшканне з тэмпературай +18—20°C. Калі глеба падсыхае, яе паліваюць вадой пакаёвай тэмпературы. На 14-15-ы дзень расліны вымаюць з зямлі. Прамыўшы іх, можна ўбачыць, якія далі новыя карэньчыкі і лісточкі, а дзе яны не пусціліся. Па гэтым і падлічваюць страты.

Маналіты звычайна бяруцца ў канцы студзеня і лютага. Калі здараюцца неспрыяльныя метэаралагічныя ўмовы, здольныя выклікаць пашкоджанне пасеваў, то праз 10 дзён пасля гэтага фактара неабходна браць дадатковыя пробы.

— Для выяўлення стану азімых культур пробы можна ­браць не толькі цэлым маналітам, але і асобнымі кавалкамі, — расказваў Валерый Буча. — Галоўнае — не пашкодзіць вузлы кушчэння. Пасля адтайвання глебы раслінкі прамываем вадой, карані абразаем так, каб адрэзак ад вузла кушчэння да месца зрэзу быў 3-4 сантыметры. Адрошчванне на працягу 7 дзён праводзім пры тэмпературы 20°C у спецыяльных талерках, напалову запоўненых вадой.

Азімыя зерневыя пакуль у спячцы. Канчаткова пра тое, якімі яны выйдуць з зімы, можна будзе меркаваць у пачатку вегетацыі — прыкладна ў пачатку красавіка.

Анна Анішкевіч



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.