Работники служб по охране природы очистили от мусора акваторию рек и озёр Поставщины

Важное Природа

Лавіся, бутэлька, вялікая і малая…

У разгары месячнік па навядзенні парадку на зямлі. Але парадак павінен быць і на вадзе. Асабліва гэта ўсведамляеш, калі прагульваешся ў цэнтры горада ўздоўж Мядзелкі. Цёплае красавіцкае сонца растапіла на ёй лёд і тым самым «асвяжыла» праблему забруджвання вадаёмаў, берагі якіх месцамі нагадваюць сметнік на вадзе.

Вырашыць яе дапамагаюць работнікі Пастаўскай вадалазна-выратавальнай станцыі. Іх убачыла на гэтым тыдні ў акваторыі Мядзелкі адразу за будынкам райвыканкама. Яны праплывалі на лодцы зусім недалёка ад берага і даставалі з вады пластыкавыя і шкляныя бу­тэлькі, і рабілі гэта на адлегласці выцягнутай рукі ад пары лебе­дзяў. Заўважыла: сабранай тары з-пад самых розных напіткаў у лодцы ляжала вельмі многа. Такі ўнушальны «ўлоў» непрыемна ўразіў. Але, як аказалася, гэта кропля ў моры ў параўнанні з той колькасцю смецця, якую дасталі сёлета з Мядзелкі прадстаўнікі Таварыства выратавання на водах.

— У красавіку гэта ўжо не першы «ачышчальны» выхад на Мя­дзелку, — расказваў начальнік вадалазна-выратавальнай станцыі Дзмітрый Жураў. — Смецця набралі ўжо некалькі вялікіх кантэйнераў. Каля аднаго толькі былога кафэ «Брыз» яго назбіралі  дзве лодкі.

А каб бачылі вы, што робіцца пад вадой! У некаторых месцах на дне ракі па тры слаі заіленага смецця. Там і бутэлькі, і пралёты платоў, і рэшткі алюмініевых і драўляных лодак. Паблізу гарбаркі — цэлы «музей» савецкіх і сучасных шклянак. Усё гэта вадалазы бачаць падчас трэніровачных пагружэнняў. Што можам — тое дастаём, але гэта мізэр у параўнанні з тым, што ляжыць на дне. Каб выканаць большы аб’ём работы, трэба шмат дадатковых сіл і сродкаў.

Нямала па ачыстцы Мядзелкі, як і іншых рэк, азёр Пастаўшчыны, робяць штатныя супрацоўнікі раённай арганізацыйнай структуры Беларускага таварыства паляўнічых і рыбаловаў.

— На мінулым тыдні каля Мя­дзелкі ў межах горада ўжо сабрана 10 вялізных пакетаў смецця, — расказваў начальнік структуры Дзімітрый Крук. — На вясну таксама запланавалі правядзенне традыцыйнай акцыі «Чысты вадаём». Звычайна да яе далучаецца шэраг арганізацый, нераўнадушных грамадзян. Спадзяюся на падтрымку і сёлета. Дату правядзення акцыі паведамім крыху пазней.

Мерапрыемствы па добраўпарадкаванні вадаёмаў арганізуе і раённая інспекцыя прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя. У чацвер разам з вучнямі 8 «В» класа СШ №1 яна правяла суботнік ля пажарнага вадаёма па вуліцы Юбілейнай.

Іна Сняжкова



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.