Путь сквозь время, или 5 причин съездить на велосипеде в Маньковичи

Главное Спорт и туризм

Язду на веласіпедзе называюць медытацыяй у руху. Яно так і ёсць, асабліва калі шлях пралягае праз лес. Едзеш спакойна пад акампанемент птушак, захапляешся мастацкімі малюнкамі прыроды, удыхаеш водар кветак, імху, хвоі… І разумееш, што ўсё геніяльнае проста і што душэўны адпачынак зусім не каштуе грошай.

Ведаю, што на Пастаўшчыне шмат аматараў актыўна бавіць вольны час. Таму сёння «ПК» пачынае расказваць пра веласіпедныя маршруты, якія дапамогуць не толькі маральна адпачыць і фізічна патрэніравацца, але і «прачытаць» разнастайныя старонкі гісторыі нашага краю. І першы вядзе ў Манькавічы — месца, дзе, як карані дрэва, пераплятаюцца падзеі некалькіх стагоддзяў. Рэха ад іх жыве ў прыродных і архітэктурных славутасцях. Каб іх убачыць, раю ехаць не па 11-кіламетроўцы, а па лясной дарозе каля вёсак Макараўцы і Кашыцы (калі не ведаеце яе, загляніце ў інтэрнэт-карты).

7 кіламетраў — і вы на месцы. У Манькавічах вы зможаце…

Паслухаць шум вадаспаду

Падарожнікаў са стажам ён не здзівіць памерамі, але кожнага зачаруе сваім бурлівым хараством. І нагадае: глядзець на тое, як цячэ вада, можна бясконца. Тым больш калі яна робіць гэта так гучна і ў такім маляўнічым месцы.

А можна заплюшчыць вочы і паспрабаваць уявіць, як віравала тут жыццё да нас. Яшчэ ў канцы ХIХ ст. тут быў пабудаваны вадзяны млын, якім карысталіся да 50-х гадоў ХХ-га. Пазней яго разабралі, а вада­спад існуе і сёння.

Пахадзіць па руінах гісторыі

За некалькі хвілін хадзьбы ад вадаспаду можна ўба­чыць напаўразбураную капліцу. Пабудавалі яе ў другой палове ХIХ ст. тагачасныя гаспадары Манькавіч — Друцкія-Любецкія. Яны хавалі тут прадстаўнікоў свайго роду: пад капліцай быў склеп з нішамі-пахаваннямі. На супрацьлеглым беразе знаходзілася велічная сядзіба Друцкіх-Любецкіх, аднак яна не перажыла Вялікую Айчынную вайну — была спалена.

Памаліцца ў 150-гадовай царкве

Свята-Успенская царква ў Манькавічах узводзілася на працягу 17 гадоў. Будоўля завяршылася ў 1871-м. Першапачаткова планавалася, што храм будзе ўніяцкім, але палітыка дзяржавы крыху змянілася, і ён стаў праваслаўным. У савецкі час тут утрымлівалі калгасных трусоў, аднак пазней царкву адрамантавалі і вярнулі праваслаўнай епархіі. Раней у Манькавічах былі яшчэ два храмы, але ад іх нічога не засталося.

Паспаць на пчолах

У Манькавічах ёсць адзіны ў раёне апідомік, пабудаваны для турыстаў. Ложкі ў іх — 2 вялікія закрытыя вуллі. Знаходзячыся ў доміку, вы ўдыхаеце водар воску, матачнага малачка, пылку, мёду… Гэта больш чым ароматэрапія — гэта карысная аздараўляльная працэдура для арганізма. Запісацца на яе трэба загадзя ў індывідуальнага прадпрымальніка Віталія Улыбіна. Ён таксама валодае каяк-клубам «Маяк», і наступнае ваша падарожжа з Манькавіч можа быць па водным шляху Мядзелкі.

Ушанаваць памяць пра ахвяр Вялікай Айчыннай

У цэнтры вёскі стаіць помнік ахвярам Вялікай Айчыннай вайны, а па дарозе ў Манькавічы праз кашыцкі лес праязджаеш месца, дзе ў 1942 го­дзе немцы расстралялі мірных жыхароў — мужчын і жанчын, рускіх і беларусаў, яўрэяў і цыган. Усяго — не менш за 200 чалавек. Там не тое што можна, а нават трэба спыніцца. Памаўчаць. Зрабіць пераацэнку жыццёвых каштоўнасцей. І падзякаваць усім, хто здабыў Перамогу, за магчымасць слухаць шум вадаспаду, удыхаць лясны водар і любавацца навакольнай прыродай.

Іна Сняжкова



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.