Хрыстос і Маці Божая сустракаюць кожнага, хто прыязджае ў Манькавічы

Духовность

Крыж у Манькавічах гадоў 15 таму быў устаноўлены намаганнямі Юзафа і Яніны Аніскевічаў, а таксама іх свацці Яніны Міхневіч. Вяскоўцы збіраліся сюды на маёвыя набажэнствы, падтрымлівалі тут парадак.

Ішоў час, адыходзілі ў свет іншы старэйшыя жыхары, выязджалі ў гарады маладзейшыя, пусцелі Манькавічы. Ды некалькі гадоў таму новае жыццё ў вёску ўдыхнулі дачнікі. Адзін з іх — прадпрымальнік Віталій Улыбін — мае вялікія планы на гэты прыгожы куточак зямлі. Абсталяваў ля ракі спуск на каяках, развівае зімовы турызм, пабудаваўшы горку для катання на цюбінгах. Задумаўся і пра абнаўленне крыжа. Сёлета яго адрэстаўраваў, умураваў у невялікую каплічку, унутры якой змясціў фігуру Маці Божай, добраўпарадкаваў тэрыторыю.

Асвячэнне адбылося ў сераду. На ўрачыстасць сабраліся ўраджэнцы Манькавіч (многія праваслаўныя), прыехалі і жыхары суседніх Калееўцаў, якія ў свой час хадзілі сюды ў школу, прыязджалі на Купалле. Даўно тут не было так гучна і шматлюдна — ля крыжа спыніліся паўтары сотні пілігрымаў, якія з Пастаў накіроўваліся да Маці Божай Будслаўскай. Крыж асвяціў кіраўнік пілігрымкі ксёндз Эдуард Сінкевіч, пробашч варапаеўскага касцёла. Узносіліся малітвы, гучалі песні, праз якія людзі праслаўлялі Хрыста і яго Маці, прасілі заступніцтва для сябе, родных, вяскоўцаў і сям’і Віталія Улыбіна.

— Наяўнасць крыжа сведчыць пра прысутнасць Хрыста, — гаварыла дачка і нявестка першых ініцыятараў устаноўкі крыжа Людміла Міхневіч. — Да яго ставімся як да самога Хрыста і ўшаноўваем. А Маці Божая заўсёды побач са сваім Сынам. Радыя, што ў нашых Манькавічах Езус і Марыя разам. Бязмежна ўдзячныя Віталію Улыбіну за яго клопат пра гэта святое месца.

Анна Анішкевіч Фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.