Сергей Лашук из д. Савичи создает удивительные макеты храмов из дерева

Общество

Сціплы майстар-самародак

Так можна ахарактарызаваць дзівоснага майстра з вёскі Савічы Сяргея Лашука.

Пра яго мне расказала наш няштатны аўтар Рэгіна Ластоўская. А літаральна праз дзень у «Вайберы», у акаўнце пілігрымаў, якія ішлі з Пастаў у Будслаў, з’явілася відэа. На ім чалавек дэманструе макет пастаўскага касцёла. Я не стала адкладваць знаёмства з майстрам.

Сяргей Лашук на пенсіі. Але шмат вольнага часу не мае. Сёлетнім засушлівым летам ратуе ад спёкі агародніну: з унукам цягае ў бітонах ваду з калодзежа, палівае ў цяпліцы памідоры, агуркі. А падчас адпачынку не ляжыць на канапе, а пагружаецца ў любімы занятак — стварае макеты храмаў.

— Праца з дрэвам ціка­віць мяне з дзяцінства: рабіў розныя шкатулачкі, рамкі, выпальваў карціны, — расказваў. — У школе адказваў за афармленне насценгазеты, у арміі — розных пакояў. Лёгка давалася чарчэнне. Нярэдка дапамагаў сябрам. Пазней тыя, хто паступіў у навучальныя ўстановы і непасрэдна вывучаў гэты прадмет, прасілі выканаць ім курсавыя работы. Мне было нескладана. А веды спатрэбіліся, калі захапіўся дойлідствам і стаў рабіць макеты храмаў.

На стале ў Сяргея Мікалаевіча пазнаю пастаўскі касцёл Святога Антонія Падуанскага: такая ж шмат’ярусная шатровая вежа, аркатурны пояс і нішы, фасады, раздзеленыя контрфорсамі і стральчатымі праёмамі, трое ўваходных дзвярэй, якія адчыняюцца. Майстар звяртае ўвагу на тое, што яшчэ не прымацаваў фігуру Хрыста.

Макет гэтага касцёла Сяргей зрабіў па просьбе малодшай дачкі Таццяны, якая жыве ў Паставах. Яна прывезла некалькі фота­здымкаў храма. Па іх зрабіў разлікі, чарцёж і ўзяўся за работу. З інструментаў у майстра лінейка, нажніцы па метале, лобзік, пласкагубцы, малаточак і, безу­моў­на, талент і вялікае цяр­пенне. З матэрыялаў — дрэва, якое ёсць пад рукой, жалеза, цвічкі. Апавядаў, што ў падлеткавым узросце вельмі прыгожа маляваў. Асабліва любіў пейзажы на палатне. Фарбы дасылала з Адэсы сяброўка маці. Карціны дарыў родным, сябрам, знаёмым. Некалькі работ засталося ў бацькоўскім доме ў Мястэчку. Калі яго прадаваў, карціны пакінуў.

Марыў пра вучобу ў Мінскім вучылішчы мастацтваў. Яго навучэнцы ў той час кожнае лета прыязджалі на пленэры ў маляўнічыя ваколіцы Манькавіч. Сяргей з імі сябраваў, разам маляваў вадаспад, млын, капліцу. Але па­ехаць у сталіцу не атрымалася. Застаўся пры бацьках, паступіў у прафтэхвучылішча ў Паставах, набыў там прафесіі вадзіцеля і трактарыста. Тэрміновую службу праходзіў у Германіі. Адтуль вярнуўся на радзіму. Ажаніўся з віцябчанкай, якая прыехала з мужам у Савічы. Маладая сям’я атрымала ад гаспадаркі дом, у ім нарадзіліся тры дачкі. Цяпер на летніх канікулах тут любяць бываць унукі.

Маю ўвагу прыцягвае яшчэ адзін макет не менш велічнага храма — касцёла ў Сербіі. Яго фотаздымак Сяргей Лашук убачыў у часопісе «Планета» за 2010 год. Ён яму вельмі спадабаўся. Сувенірны макет будзе падарункам сярэдняй дачцэ Алене з Гродна. Пакуль ні адзін з вырабаў не пафарбаваны. Уяўляю, як прыгожа яны будуць выглядаць пасля!

А Мікалаевіч прыно­сіць паказаць яшчэ адзін шэдэўр — макет праваслаўнай пяцікупальнай капліцы, які зрабіў гадоў 40 таму па здымку, змешчаным у календары на 1977 год. Затым здзіўляе яшчэ адным…

— Гэты з металу, — расказвае. — Важыць больш за 7 кілаграмаў. Арыгінала не існуе, усё — мая фантазія. Штосьці прыдумаў сам, некаторыя элементы ўзяў з канкрэтных цэркваў. Кожную частку макета храма ствараю асобна. Пачынаю з верхніх элементаў і «спускаюся» ўніз. Затым злучаю ўсё ў адно цэлае. Працую ўрыўкамі, гадзіны чатыры на дзень. Найбольш складана даюцца купалы і крыжы. Але калі ёсць жаданне і ў выраб укладваеш душу, то ўсё атрымліваецца. На адзін макет затрачваю прыкладна месяц.

Сяргей Лашук захоплена расказваў пра тое, як ро­біць замеры, прадумвае чарцяжы, працуе над кожнай дэталлю. Сфатаграфаваць дазволіў мне толькі свае работы, сам — катэгарычна адмовіўся. Дай Бог здароўя вам, сціплы майстар-самародак, і ажыццяўлення задуманага!

Анна Анішкевіч



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.