9 октября — Всемирный день почты. Почтовая связь связала два поколения одной семьи

Общество

9 кастрычніка — Сусветны дзень пошты. Значыць, ёсць нагода расказаць пра тых, хто працуе або працаваў у гэтай галіне. Знаёмцеся з прадстаўнікамі двух пакаленняў сям’і Якаўлевых—Маркавых з райцэнтра.

Хтосьці, можа, не зразумее, як яны, маладыя, амбіцыйныя лю­дзі, пакінулі Маскву і пераехалі ў Паставы. Але ў Ганны і Дзяніса Маркавых былі на тое прычыны. Да таго ж горад не чужы: тут прайшлі дзяцінства і юнацтва дзяўчыны, тут жывуць яе бацькі. У іх і пасяліліся. Да слова, Аніна маці, Тамара Уладзіміраўна, — ураджэнка Даўгаўпілса, родны горад бацькі, Уладзіміра Іванавіча, — Варонеж, а яе муж Дзяніс родам з Екацярынбурга. Вось такая геаграфія!

Аб’ядноўваюць Якаўлевых і Маркавых не толькі сямейная сувязь, але і прафесійныя інтарэ­сы: усе чацвёра маюць дачыненне да паштовай сувязі.

Якаўлевы трапілі ў Паставы ў 1989 годзе: Уладзіміра перавялі сюды на службу (да гэтага былі Далёкі Усход, Сібір, Германія). Тамара, якая ўжо мела вопыт работы на пошце, уладкавалася начальнікам аддзялення сувязі ў Хацілах і адпрацавала на гэтай пасадзе 27 гадоў, у тым ліку 10 — пасля дасягнення пенсійнага ўзросту.

Вельмі любіла сваю работу і людзей, ведала кожнага, — расказвала яна. — У 2005-м пакінула працу, але да гэтага часу ўспамінаю хацілаўцаў, і яны шлюць мне прывітанні. Іншы раз сніцца аддзяленне…

Уладзімір, пайшоўшы ў адстаўку, таксама ўладкаваўся ў раённы вузел паштовай сувязі. Працаваў у аддзяленні, якое ўзначальвала жонка: разносіў пошту жыхарам Куртаў і Мажэек, ацяпляў памяшканне аддзялення. Зразумела, што і дома бацькі нямала гаварылі пра работу, і іх дзеці былі ў тэме. Таму няма нічога дзіўнага ў тым, што Аня, вярнуўшыся з Масквы ў Паставы, прыйшла ў раённы вузел паштовай сувязі.

Мяне прынялі аператарам па дачы водпускаў, — расказвала яна. — Пасля Масквы ў Паставах было сумнавата, хацелася нейкага руху. І атрымала яго — паездзіла па ўсім раёне, папрацавала ва ўсіх аддзяленнях сувязі. Потым мяне перавялі інструктарам, а 4 гады назад даверылі ўзначаліць цэнтральнае, самае вялікае, аддзяленне ў Паставах. У маім падпарадкаванні 22 чалавекі: пашталь­ёны, аператары сувязі, спецыялісты па паштовай дзейнасці. Штат поўнасцю ўкамплектаваны і працаздольны, мы паспяхова спраўляемся са сваімі задачамі.

Акрамя таго, Ганна Маркава з’яўляецца старшынёй прафсаюзнай арганізацыі, якая аб’ядноўвае 142 чалавекі. Прафсаюзны лідар лічыць галоўнай мэтай згуртаванне калектыву і арганізуе экскурсійныя паездкі, турзлёты, карпаратывы. Не застаюцца па-за ўвагай ветэраны працы, юбіляры, аказваецца матэрыяльная падтрымка.

У адным калектыве з жонкай працуе і Дзяніс. Ён — начальнік перасоўнага аддзялення сувязі, якое абслугоўвае валкоўскую зону. У яго падпарадкаванні 4 чалавекі. Разам з вадзіцелем прывозіць вяскоўцам не толькі карэспандэнцыю, але і разнастайныя тавары, прымае плацяжы.

Абое Маркавы павышаюць свой агульнаадукацыйны ўзровень. Ганна завочна закончыла міжнародны інстытут «МИТСО» па спе­цыяльнасці «Менеджар-эканаміст» і сёлета паступіла ў магістратуру. Дзяніс вучыцца на завочным аддзяленні БНТУ па спецыяльнасці «Інжынер аўтамабілебудавання». Таму зразумела, што ў гэтых маладых людзей ёсць перспектыва. Будзе іх кар’ерны рост звязаны з паштовай сувяззю або з якой іншай галіной, пакажа час.

Фаіна Касаткіна



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.