Какие желания загадывают поставчане под Новый год? Мини-опрос

Общество

Напярэдадні Новага года ўсе дзеці пішуць пісьмы Дзеду Марозу. Расказваюць пра свае поспехі і мары, просяць, каб прынёс падарунак пад ёлачку. А ўявіце, што збудуцца і нашы, дарослых людзей, жаданні, калі мы папросім пра гэта казачнага чараўніка. Даўно перасталі верыць у цуды? І ўсё ж такі паспрабуем загадаць жаданне.

— Не трэба, Дзед Мароз, ніякіх падарункаў, — напісала б бібліятэкар Вольга. — Толькі не забірай нікога і нічога. Няхай побач са мной застаюцца ўсе, каго люблю і кім даражу. А яшчэ — вярні, калі ласка, зіму, каб не нудны халодны дождж ішоў на Новы год, а выпаў снег ды прымарозіла.

— Папрашу снегу і марозу, — марыць пра падарунак прыроды і аграном Уладзімір. — Каб не стаялі голыя палеткі, не адмакала азіміна. А вясной і летам каб у пару ішоў дождж і сагравала глебу сонца. Ад гэтага залежыць ураджай.

Прыродная тэма і ў індывідуальнага прадпрымальніка Валянціны, якая вельмі любіць папесціцца пад гарачым сонцам і паплаваць у цёплым моры:

— Няхай бы Чорнае возера ператварылася ў Чорнае мора, — ці то жартам, ці то сур’ёзна звяртаецца яна ў думках да Дзеда Мароза. — Не трэба было б лятаць у Турцыю ці Егіпет, адпачывалі б на месцы.

Якое небяспечнае жаданне! Затопіць жа Пастаўшчыну! Няхай бы лепш папрасіла экскурсійную пуцёўку…

Як па мне, то вельмі пахвальнае жаданне будаўніка Сяргея справіць у наступным годзе наваселле ва ўласным доме ў вёсцы. Доўгі час не мог угаварыць на перасяленне жонку-гараджанку. Грэбавала яна вёскай, не ведала яе, нават баялася. Але правяла адзін водпуск на дачы, накупалася ў возеры, напарылася ў лазні, налюбавалася зоркамі ў небе і кветкамі, наслухалася птушыных спеваў — і яе адносіны да сельскай мясцовасці кардынальна змяніліся.

— Нічога не буду прасіць у Дзеда Мароза, — заяўляе адміністратар сістэмны Канстанцін. — У мяне ёсць усё: сям’я, кватэра, дача, машына, любімая работа. Што яшчэ трэба для шчасця? Я не з той катэгорыі людзей, якія жывуць заможна, але ўсё роўна ім мала. Гэта — сквапнасць. Я ж задавальняюся тым, што маю.

— Ой, як добра, што ёсць магчымасць выказаць сваё жаданне! — эмацыянальна ўсклікае работнік сацыяльнай службы Ганна. — Мару сустрэцца са сваёй сястрой і братам. Абое жылі ва Украіне. Яна і зараз у Львове, ён быў вымушаны пакінуць Кіеў і зараз жыве ў Амстэрдаме. Хачу, каб нідзе не было вайны.

— Памятаеце, у СССР некалі быў вельмі папулярным лозунг «Миру — мир»? — узгадвае паліграфіст Таццяна. — Які ж ён актуальны і сёння! Вельмі трывожыць напружаная абстаноўка ў свеце.Таму папрашу толькі міру, каб планету Зямля не страсалі войны, ва ўсіх людзей была ўпэўненасць у заўтрашнім дні.

Пажылыя Дзеду Марозу не пішуць, хіба толькі дапамагаюць гэта зрабіць сваім унукам. Але і самі загадваюць пад Новы год жаданні.

— Найперш — каб быў мір у кожнай сям’і, у нашай краіне і ва ўсім свеце, — цытую словы пенсіянеркі Галіны. — Каб нас не падводзіла здароўе, павышалася пенсія, а цэны на тавары, лякарствы і камунальныя паслугі не раслі. Адным словам, каб не даражэла і не заканчвалася жыццё.

А пра што ж мараць маладыя? «Як і ў дзяцінстве, хочацца верыць у цуды, — прызнаецца студэнт-першакурснік Ва­дзім. — Пачынаецца мая першая экзаменацыйная сесія. Таму напішу Дзеду Марозу, каб ён узмахнуў чароўнай палачкай — і ў маёй залікоўцы з’явіліся адзнакі за здадзеныя залікі і экзамены. Ну а калі не зможа гэтага зра­біць, буду зубрыць дні і ночы.

Маладзенькая работніца гандлю Аксана марыць, каб у наступным годзе для яе з каханым хлопцам абавязкова прагучаў у ЗАГСе марш Мен­дэльсона, і чакае, што менавіта ў навагоднюю ноч атрымае ад любага прапанову рукі і сэрца.

— Для дзяцей шчасце можна купіць. У выглядзе новай цацкі, смачных цукерак, захапляльнай гульні. Нам, дарослым, нават самыя дарагія рэчы шчасця не прынясуць, — разважае мая калега Іна. — Каштоўнасці ў іншым — веры, любові, спакоі ў свеце. Гэтага і папрашу. Толькі не ў Дзеда Мароза, а ў Бога.

Нагаварыўшыся з тымі, у каго брала інтэрв’ю, задумалася: а што я сама папрасіла б у Дзеда Мароза? І спынілася на самым банальным і самым неабходным — міры і здароўі. Усё астатняе, як кажуць, прыкладзецца.

Фаіна Касаткіна



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.