Проект «Имена героев — в названиях улиц». Герой Советского Союза Социалистического Труда Василий Осененко

История

У Паставах і іншых населеных пунктах раёна знойдзецца некалькі дзясяткаў вуліц, названых у гонар гістарычных асоб і вядомых у нашым краі людзей. Многія з іх знаходзяцца ў райцэнтры і ўвекавечваюць памяць пра герояў, якія самааддана змагаліся за вызваленне роднай зямлі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, адбудоўвалі разбураную вайной народную гаспадарку. З ліку такіх людзей Васілій Асяненка, чыё імя носіць невялікая, ціхая вулачка побач з Пастаўскай гімназіяй. Менавіта ў гэтай навучальнай установе і адбылася чарговая сустрэча ў рамках праекта «Імёны герояў — у назвах вуліц».

Васілій Мікалаевіч нарадзіўся 31 студзеня 1916 года ў сялянскай сям’і ў вёсцы Ліпнікі нашага раёна. З ранняга дзяцінства зведаў цяжкую сялянскую працу. У тым ліку з-за яе змог скон­чыць усяго 4 класы прыходскай школы. Юнаком дапамагаў роднаму брату Ільі весці падпольную барацьбу з рашэннямі ўлад буржуазнай Польшчы, уступіў у Камуністычны саюз моладзі Заходняй Беларусі. У верасні 1939 года, пасля ўз’яднання Заходняй і Усходняй Беларусі, актыўна ўключыўся ў будаўніцтва новага жыцця на роднай зямлі, стаў членам ЛКСМБ, працаваў у органах ЗАГС НКУС па Пастаўскім і Мядзельскім раёнах Вілейскай вобласці.

Асабліва ярка арганізатарскі талент Васілія Асяненкі раскрыўся ў гады Вялікай Айчыннай вайны. 3 ліпеня 1941 года ён уступіў у Чырвоную армію і ўжо ў верасні ў складзе групы савецкіх і партыйных работнікаў прыбыў на Пастаўшчыну для арганізацыі партызанскай барацьбы з акупантамі. Быў разведчыкам, намеснікам каман­дзіра партызанскага атрада па разведцы, камандаваў атрадам «Слава» брыгады імя Варашылава. Адначасова з 1942 года па ліпень 1944-га з’яўляўся сакратаром Пастаўскага падпольнага райкама ЛКСМБ. За праяўленую мужнасць у барацьбе з нямецка-фашысцкімі захопнікамі ўзнагароджаны ордэнамі Айчыннай вайны І ступені і Чырвонага Сцяга, медалямі «За адвагу» і «Партызану Айчыннай вайны» І ступені.

У пасляваенны час Васілій Мікалаевіч працаваў намеснікам старшыні Пастаўскага райвыканкама, старшынёй Вілейскага і Астравецкага раённых выканаўчых камітэтаў, першым сакратаром Дунілавіцкага і Глыбоцкага райкамаў Камуністычнай партыі Беларусі. З’яўляўся членам Віцебскага абкама партыі і Цэнтральнага камітэта КПБ.

Памёр Васілій Асяненка 13 чэрвеня 1977 года. Пахаваны ў Віцебску.

Пра жыццёвы шлях героя навучэнцам 8—10 класаў расказаў дырэктар раённага краязнаўчага музея Аляксандр Кузняцоў. Яго аповед дапоўніла карэспандэнт тэлеканала «Паставы ТБ» Наталля Семянас, чыя маці нарадзілася ў Ліпніках.

— Я з дзяцінства чула ад мамы і яе аднавяскоўцаў і пра подзвіг Надзеі Асяненкі, і пра Васілія Асяненку, — гаварыла Наталля Францаўна. — Гэтымі людзьмі заўсёды ганарыліся і працягва­юць ганарыцца жыхары Ліпнікаў. Па словах знаёмых Васілія Мікалаевіча, ён быў вельмі простым і сціплым чалавекам. Займаючы высокія пасады, не саромеўся таго, што нарадзіўся ў невялікай вёсачцы. Наадварот, з гордасцю расказваў пра яе і сваіх землякоў, якія ў час вайны змагаліся ў партызанскіх атрадах і падпольных арганізацыях, набліжаючы нашу Перамогу.

На сустрэчы прысутнічалі жыхары вуліцы Асяненкі Эльвіра Казлоўская і Анастасія Вілкойцас з дзецьмі Ганнай і Ільёй, якім таксама было дадзена слова. Анастасія, у прыватнасці, узгадала, калі пачалася забудова іх вуліцы, як яна ішла і што змянілася з часам, колькі дамоў тут знаходзіцца і людзей ў іх пражывае. Завяршаючы сваё невялікае выступленне, жанчына адзначыла:

— Я ганаруся, што жыву на вуліцы, якая носіць імя такога чалавека. Хоць да нядаўняга часу, як і многія іншыя, думала, што яна названа ў гонар Надзеі Асяненкі. Дзякуючы гэтай сустрэчы цяпер ведаю, каму на самай справе наша вуліца абавязана сваёй назвай.

За працоўныя заслугі ў 1966 годзе В. Асяненку было прысвоена званне Героя Сацыялістычнай Працы з уручэннем ордэна Леніна і залатога медаля «Серп і молат».

Алена Шапавалава



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.