По итогам работы за прошлый год отделение ГАИ Поставского РОВД заняло 1-е место в области

Безопасность Важное

Па выніках работы за мінулы год аддзяленне ДАІ Пастаўскага РАУС заняло 1-е месца ў вобласці сярод аднатыпных падраздзяленняў.

З Аляксандрам Арэхавым, які ўзначальвае калектыў аддзялення, дамовіліся сустрэцца зранку. Не атрымалася, хаця яго рабочы дзень пачаўся ў… 4.30. Менавіта ў такі час у мікрараёне вуліцы Юбілейнай у райцэнтры адбылося дарожна-транспартнае здарэнне, і супрацоўнікі міліцыі высвятлялі ўсе яго абставіны.

У аддзяленні 11 супрацоўнікаў. Самыя вопытныя — Андрэй Ціхановіч, Аляксей Кандрашэнка, Андрэй Цымбалюк, Віктар Гутар. Маладзейшыя таксама адказна ставяцца да выканання сваіх службовых абавязкаў. Мэтанакірава­насць, зладжанасць у рабоце дапамаглі дабіцца поспеху — у пастаўчан найлепшыя паказчыкі ў вобласці па выкананні ўсіх мерапрыемстваў па стабілізацыі абстаноўкі на дарогах.

Нельга не сказаць асобна пра самога начальніка. У РАУС Аляксандр Арэхаў служыць з 2010 года. Пачынаў інспектарам ДПС, потым працаваў оперупаўнаважаным аддзялення крымінальнага вышуку. У маі 2017-га яго назначылі начальнікам аддзялення ДАІ. Кіраўніцтва РАУС лічыць, што не варта арыентаваць супрацоўніка толькі на адзін напрамак дзейнасці, і дае магчымасць праявіць сябе ў розных, вызначыцца, што найбольш атрымліваецца. Кожная новая пасада — гэта пэўны вопыт і магчымасць кар’ернага росту.

Расказваючы пра работу аддзела, Аляксандр Арэхаў падкрэсліў:

— Наша работа накіравана на захаванне бяспекі на дарогах. Таму асаблівую ўвагу надаём прафілактыцы: праводзім гутаркі ў працоўных і вучнёўскіх калектывах, выступаем па тэлебачанні, размяшчаем інфармацыю ў раённай газеце і найбольш папулярных месенджарах. У першую чаргу стараемся людзям дапамагаць. Дзякуючы змяненням у заканадаўстве ў многіх выпадках абмяжоўваемся вуснай заўвагай вадзіцелю, які дапусціў нязначнае парушэнне, раней не прыцягваўся да адказнасці, мае станоўчую адміністрацыйную характарыстыку.

А вось пра «п’янае» ваджэнне ён гаварыў з вялікай трывогай. Да тых, хто садзіцца за руль у нецвярозым стане, не можа быць ніякай лаяльнасці. Большая частка ДТЗ з цяжкім зыходам адбываецца менавіта па віне нецвярозых вадзіцеляў. На жаль, нямала такіх фактаў, калі блізкія або староннія лю­дзі бачаць, як п’яны садзіцца за руль, але не спыняюць яго і не паведамляюць у міліцыю. Проста з-за свайго раўнадушша або «засцерагаючы» ад непрыемнасцей. А што засцеражэ такога вадзіцеля ад учынення аварыі?


У нашай службе лічыцца з часам не прыходзіцца, мы гатовы выехаць на дарогу ў любы час сутак. Нашы інспектары ДПС патрулююць іх у спёку і мароз, завіруху і лівень.

Аляксандр Арэхаў


Хвалюе міліцыянераў і недысцыплінаванасць некаторых пешаходаў.

— Летась з іх удзелам адбылося 5 ДТЗ, — расказваў субяседнік. — Абсалютная большасць — на нерэгулюемых пешаходных пераходах і па віне пешаходаў, якія перабягалі дарогу, не азірнуўшыся па баках. Дык вось, варта памятаць, што такія пераходы не гарантуюць абарону ад транспарту, а толькі даюць перавагу перад ім.

Такім чынам, абстаноўка на вуліцах і дарогах залежыць ад усіх нас. А на варце таго, каб яна была бяспечнай, і стаяць супрацоўнікі ДАІ.

Фаіна Касаткіна
Фота Веранікі Філановіч



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.