Сельскохозяйственные ярмарки проходят в Поставском районе

Общество

У нашым раёне стала добрай традыцыяй праводзіць веснавыя і восеньскія сельскагаспадарчыя кірмашы не толькі ў Паставах, але і ў гарпасёлках.

Пазаўчора такі кірмаш ладзіўся ў Варапаеве. На шчасце, абышлося без моцнага дажджу, толькі крыху паімжыла зранку. Але сонца так і не асмелілася выгля­нуць на шэрым небасхіле. Тым не менш на рыначнай плошчы адчуваліся веснавыя матывы. Не толькі дзякуючы музыцы і песням, што гучалі з дынаміка, але і мноству саджанцаў дрэўцаў, пладовых і дэкаратыўных кустоў, насення і расады агародніны. Менавіта на гэты тавар і быў найбольшы попыт.

Падыходжу да машыны ААТ «Навасёлкі-Лучай». Прадавец Аксана Шылько расказвае, што варапаеўцы ахвотна купляюць насенне бульбы, ячмень, пшаніцу, а кукурузу ўжо разабралі. Цэны прымальныя: 44 капейкі за кілаграм буйной бульбы, 31 — сярэдняй, 55 капеек за кілаграм ячменю або пшаніцы.

Актыўна праявілі сябе прыватнікі. Толькі з адной вёскі — Вайцяхоў — прадавалі са­джанцы яблынь, чарэшняў, груш, вішань, сліў двое руплівых гаспадароў — Валерый Рагелс і Адэліна Кукырла. Валянціна і Вячаслаў Анашкевічы прывезлі саджанцы з Глыбокага. Некаторыя не пажадалі трапляць у фотааб’ектыў і называць сябе. Толькі гаварылі, што прыехалі з Пастаў ці з суседніх раёнаў, і вельмі ахвотна расказвалі пра «зеляніну», якую прадавалі. А проста Аляксандр з адной прыгараднай вёскі падзяліўся, што яны з жонкай узялі ў арэнду ўчастак зямлі і ўжо 10 гадоў займаюцца агародніцтвам і кветкаводствам, расаду прадаюць на рынку. І так прафесійна рэкламаваў расаду трускалак і суніц, што не купіць яе было проста немагчыма.

Хапала і іншага тавару. Пастаўскі філіял Віцебскага аблспажыўтаварыства прапаноўваў мясныя вырабы. Не змяншалася чарга па прадукцыю Пастаўскага малочнага завода. Непадалёк прыпаркавалася машына Глыбоцкага хлебазавода.

Ды хіба магчыма пералічыць усё, што выстаўлялася ў той дзень на рыначнай плошчы гарпасёлка на продаж? Скажу коратка: тут можна было купіць ад упрыгожанай вербачкі да прычэпа пашчапаных дроў. Што каму было трэба, па тое і прыходзілі.

Фаіна Касаткіна



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.