19 лістапада з семінара, які праводзіўся на базе ААТ «Кураполле-агра», на Пастаўшчыне стартаваў раённы конкурс на найлепшы парадак на мехдварах сельгаспрадпрыемстваў, гатоўнасць рамонтна-абслуговай базы да работы ў зімовых умовах, пастаноўку тэхнікі на захоўванне. 18 снежня падвялі яго вынікі.
Найлепш у Кураполлі
Конкурс праводзіўся з мэтай падаўжэння тэрміну службы сельгасмашын і іншых агрэгатаў, якаснай іх падрыхтоўкі да веснавых палявых, корманарыхтоўчых і ўборачных работ. Правільнае захоўванне тэхнікі гэтаму спрыяе.
У ААТ «Кураполле-агра» прысутнічалі кіраўнікі гаспадарак раёна, галоўныя інжынеры, спецыялісты па ахове працы. Першы намеснік старшыні райвыканкама Генадзій Лютынскі, спецыялісты ўпраўлення расказалі пра ўмовы спаборніцтва, якое традыцыйна арганізуюць упраўленне сумесна з райкамам прафсаюза работнікаў АПК, далі неабходныя рэкамендацыі, прайшліся па машынным двары. Было бачна, што тут інжынерная служба, механізатары прыклалі нямала намаганняў, каб якасна ачысціць тэхніку, пафарбаваць агрэгаты. Пэўную дапамогу курапольцам у гэтым аказалі навучэнцы Пастаўскага дзяржаўнага каледжа. Удзельнікі семінара адзначылі, што гаспадарка дасканала падрыхтавалася да рамонтнага сезона: тэхніка на пляцоўцы размешчана акуратна, усе механізмы апрацаваны супраць карозіі, гідраўліка загерметызавана.
Менш чым за месяц члены камісіі аб’ехалі ўсе гаспадаркі. Яны праверылі стан і добраўпарадкаванне мехдвароў, пастаноўку на зімовае захоўванне тэхнікі, якая вызвалілася ад палявых работ, азнаёміліся з умовамі працы механізатараў і рамонтнікаў, не абмінулі ўвагай вядзенне дакументацыі па рамонце машын і агрэгатаў у асенне-зімовы перыяд, тэхніку бяспекі. Апошнім на маршруце было ААТ «Ярэва-агра». Мехдвор гаспадаркі сустрэў абноўленай агароджай, расчышчанай ад кустоў тэрыторыяй. Не было ў членаў камісіі прэтэнзій і да пастаноўкі тэхнікі на захоўванне. Агледзеўшы мехдвор, дырэктар гаспадаркі Раман Вырвіч запрасіў гасцей у пакой для механізатараў. У памяшканні зроблены рамонт, абсталяваны душавая, туалет. Зімой тут можна ва ўтульнай абстаноўцы перакусіць, папіць чаю.
Затым адбылося ўзнагароджанне пераможцаў. Рашэннем камісіі 1-е месца прысуджана ААТ «Кураполле-агра», 2-е — ААТ «Хацілы-агра», 3-е — ААТ «Янавіца-агра». Яны адзначаны дыпломамі і грашовымі прэміямі.
Наступны этап – рамонт
Па словах галоўнага спецыяліста аддзела арганізацыі сельскагаспадарчай вытворчасці ўпраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні райвыканкама Паўла Скрыдлеўскага, каб паставіць тэхніку на зімовае захоўванне, не патрэбна шмат фінансаў. Дастаткова адказнасці галоўных інжынераў, загадчыкаў майстэрняў, механізатараў. У большасці гаспадарак камбайны, іншую тэхніку ставяць на захоўванне адразу пасля заканчэння палявых работ — тады яе лягчэй ачысціць ад глебы. Але ёсць і такія, дзе гэты працэс зацягваюць да позняй восені або пакуль ад інжынернай службы гэтага не запатрабуюць спецыялісты.
Аб’езд сельгаспрадпрыемстваў паказаў, што на месцах праведзена немалая работа. Праўда, не ўсюды аднолькава паспяхова. Вядома, падтрымліваць у належным стане тэхніку і машынны двор прасцей тым гаспадаркам, у якіх ёсць грошы. Там, дзе ў фінансавым плане цяжкавата, імкнуцца многае зрабіць уласнымі сіламі. Недапрацоўкі і парушэнні выяўлены розныя. На іх указана і запатрабавана ўхіліць як мага хутчэй. Дагледжаная тэхніка — гарантыя яе эфектыўнай работы ў полі. Час няпросты, і аграрыям трэба лічыць і эканоміць кожны рубель, а значыць — берагчы тэхніку.
Наступны этап — яе рамонт. І весці яго трэба больш шпаркімі тэмпамі, бо райвыканкамам зацверджаны графік пастаноўкі тэхнікі на лінейку гатоўнасці, у які трэба ўкласціся.
Старшыня райкама прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу Васілій Катовіч, уручаючы дыпломы пераможцам, звярнуўся да прадстаўнікоў сельгаспрадпрыемстваў з просьбай рэгулярна праводзіць медагляды вадзіцеляў, механізатараў перад выездам іх у рэйс, строга выконваць правілы тэхнікі бяспекі, сачыць за тэмпературным рэжымам у памяшканнях, дзе вядзецца рамонт тэхнікі.
Анна Анішкевіч


