11 сакавіка ў Савеце Рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі больш за 20 юных грамадзян нашай краіны ва ўрачыстай абстаноўцы атрымалі пашпарты. У іх ліку і вучаніца СШ №1 Яна Савасцюк.
Дзяўчына вучыцца ў 8 класе. Яна выдатніца вучобы, прызёр другога этапа рэспубліканскай алімпіяды па інфарматыцы, пераможца раённай і абласной па беларускай мове, фізіцы, матэматыцы, хіміі і геаграфіі, абласнога этапа тэлегульні «Я знаю!» і конкурсу чытальнікаў «Да штыка прыраўнялі пяро». Актыўная ў грамадскім жыцці: з’яўляецца старшынёй школьнай піянерскай дружыны імя Васілія Сідарэнкі і старшынёй раённай дзіцячай палаты раённага савета грамадскага аб’яднання «Беларуская рэспубліканская піянерская арганізацыя». Захапляецца музыкай — вучыцца ў дзіцячай школе мастацтваў імя А. Тызенгаўза па класе фартэпіяна, з’яўляецца ўдзельніцай ансамбля барабаншчыц і мажарэтак пры гэтай школе.
Менавіта Яне выпаў гонар не толькі атрымаць пашпарт з рук Наталлі Качанавай, але і звярнуцца да равеснікаў і гасцей мерапрыемства з падзячным словам.
— Гэты дзень запомніцца мне надоўга, — дзялілася Яна Савасцюк. — Уражанняў і эмоцый — цераз край! Падчас сустрэчы са старшынёй Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі Наталляй Качанавай і членам Пастаяннай камісіі па міжнародных справах і нацыянальнай бяспецы, першым сакратаром ЦК БРСМ Аляксандрам Лук’янавым мы шмат даведаліся пра работу сенатараў, пабывалі ў зале, дзе разглядаюцца законапраекты, закранулі тэму 80-годдзя Вялікай Перамогі. Цікава было паслухаць Наталлю Іванаўну, яе меркаванне наконт патрыятызму, сучаснай моладзі і яе ролі ў жыцці краіны.
Пашпарт — гэта не толькі дакумент, але і вялікая адказнасць за сваю краіну. Мы — будучыня Беларусі. Упэўненая, што разам зможам шмат зрабіць для таго, каб наша краіна стала мацнейшай і прыгажэйшай, жыццё — яшчэ лепшым.
Патрыятычная акцыя «Мы — грамадзяне Беларусі!» па добрай традыцыі ўжо больш чым на працягу 20 гадоў пачынаецца напярэдадні Дня Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь. Сёлета яна стартавала 10 сакавіка ў Канстытуцыйным Судзе. На наступны дзень 22 найлепшых вучняў з розных куточкаў Беларусі запрасілі ў Савет Рэспублікі. У Паставах самыя годныя юныя грамадзяне атрымалі свой першы галоўны дакумент у зале пасяджэнняў райвыканкама ўчора.
Анна Анішкевіч

