У кожным здымку – эмоцыі. 9 мая ў скверы на плошчы Леніна адкрыецца выстава фотаработ Сяргея Вшыўкава «Мой герой».
Я пабачыла здымкі, якія будуць змешчаны на ёй, некалькімі днямі раней. І засталася ў захапленні. У кожным з іх — характар, эмоцыі, сюжэт.
Сяргей Барысавіч патлумачыў, чаму даў выставе такую назву:
— Яна не толькі пра тых, хто здабываў Перамогу. У кожнага з нас ёсць свой герой. Я ўбачыў іх такімі і хачу паказаць іншым.
Мой погляд найперш затрымаўся на ветэранах вайны. На жаль, іх зямны шлях завяршыўся, але яны, пераможцы Вялікай Айчыннай, жывуць у нашай памяці і ў фотаздымках — у параднай форме, з кветкамі ў руках. Абараняў Айчыну і афіцэр Рускай арміі часоў Першай сусветнай вайны. У яго пераўвасобіўся наш зямляк падчас гістарычнай рэканструкцыі тых далёкіх падзей, што праводзілася на Пастаўшчыне. А Сяргей Вшыўкаў адлюстраваў на фотаздымку момант найбольшай засяроджанасці рускага воіна. У сённяшняга пагранічніка са службовым сабакам, наадварот, хвіліна адпачынку, калі можна расслабіцца, усміхнуцца і… трапіць у аб’ектыў фотаапарата.
Трапілі пад «прыцэл» фотакамеры Сяргея Вшыўкава і самыя юныя — хлопчыкі і дзяўчынкі ў вайсковай форме і форме ратаўніка. Каму, як не ім, належыць будучыня нашай краіны і хто, калі не яны, — яе будучыя героі?
Вось яшчэ адзін здымак — кранальны, нібы кадр з кінафільма. Жонка афіцэра гатовая ехаць за каханым хоць на край свету. Чамадан сабраны, прыгажуня ў чаканні цягніка ў глыбокім роздуме прысела на яго перад далёкай дарогай. Столькі ў гэтым кадры надзеі і нязведанасці!
І так можна расказваць пра кожны здымак. Але навошта? Іх трэба бачыць і наталяцца эмоцыямі. Такая магчымасць у пастаўчан і гасцей горада будзе не толькі падчас святкавання Дня Перамогі. На наступны дзень, 10 мая, выстава перамесціцца ў раённы Дом культуры.
Застаецца дадаць, што яна задумана і ладзіцца самім таленавітым і захопленым фотааматарам — афіцэрам запасу, былым камандзірам адной з воінскіх часцей, размешчаных у Паставах. Яго ідэю падтрымалі ў аддзеле ідэалагічнай работы і па справах моладзі і аддзеле культуры райвыканкама.
— Гэта мая першая выстава, — гаварыў Сяргей Вшыўкаў. — Хочацца ведаць, якое ўражанне яна зробіць на людзей. І супрацьпаставіць яе лічбавым фотаздымкам, якіх аж зашмат у сацыяльных сетках. Але хіба можна параўнаць лічбавы з надрукаваным?
Фаіна Касаткіна


