И в лесу, и в поле усердно работает механизатор Поставского лесхоза Виктор Портасевич

Сельское хозяйство

І ў лесе, і ў полі. Аднолькава старанна працуе механізатар Пастаўскага лясгаса Віктар Партасевіч.

Другое жніво запар Віктара накіроўваюць на дапамогу хлебаробам ААТ «Сцяг Перамогі-агра». За ім замацаваны камбайн, які звычайна дасканала рыхтуе да ўборачнай. Летась да 1 000 тон крыху недабраў. А сёлета ў мінулую пятніцу гэты рубеж пакарыўся. У суботу намеснік дырэктара па ідэалагічнай рабоце лясгаса Аляксандр Іванькоў накіраваўся ў поле, каб павіншаваць тысячніка.

Віктар вельмі дысцыплінаваны і адказны работнік, — расказваў Аляксандр Мікалаевіч. — Ён на найлепшым рахунку ў калектыве. На які б участак работы яго ні пасылалі, заўсёды ўпэўненыя, што выканае даручанае заданне хутка і якасна. Разам з іншымі работнікамі лясгаса ўдзельнічаў у ліквідацыі наступстваў стыхіі ў Гомельскай вобласці. Вызначыўся і там. Сёння ў дадатак да падарунка за намалочаную тысячу тон вязу яму Ганаровую грамату Віцебскага дзяржаўнага вытворчага лесагаспадарчага аб’яднання за добрасумленную працу на Гомельшчыне.

И в лесу, и в поле усердно работает механизатор Поставского лесхоза Виктор Портасевич

Камбайны стаялі ў полі за Мястэчкам. Камбайнеры чакалі, пакуль абвее расу. Настрой у іх быў бадзёры.

Жніво завяршаем, — расказваў дырэктар ААТ «Сцяг Перамогі-агра» Максім Чагарын. — Засталіся тыя ўчасткі, на якія з-за пераўвільготненай глебы не змаглі ўз’ехаць у пачатку жніва. Паспрабавалі ўчора — і зноў у многіх месцах камбайны не пайшлі. А збажына ўрадзіла! Рапсу атрымалі 22,8 цэнтнера з гектара (гэта трэці паказчык па раёне). Зерневыя і зернебабовыя — у сярэднім 31,0. Пшаніца, што была пасеяна на полі пры дарозе на Шурпікі, дала 62,8 цэнтнера з гектара. Намалацілі больш за 5 500 тон (летась — толькі 2 330). Лічу, што ў гэтым вялікая заслуга галоўнага агранома Марыны Гваздзеўскай. Спецыяліст яна з багатым стажам, адказная. Яе прадуманая работа дала станоўчыя вынікі. Не змяншаю заслуг механізатараў, якія рыхтавалі глебу, сеялі, даглядалі пасевы. Дзе работы выкананы якасна і ў аптымальныя тэрміны, там і ўраджай парадаваў. Стараюцца і камбайнеры.

Шмат гадоў збажыну ў ААТ «Сцяг Перамогі-агра» ўбіраюць
Віктар Атрахімовіч з ДЭУ-33 і Сяргей Дварко з «Рассвета Пастаўскага».

Як я люблю жніво! — гаварыў Сяргей Дварко, які першым у гаспадарцы намалаціў 1 000 тон. — Камбайн для мяне як наркотык. Працаваў бы на ім круглы год. Рады, што падрастае змена. Арцём Маісееў — мясцовы. Сёлета на камбайн сеў упершыню. Адразу справа ішла не вельмі. А цяпер, думаю, што і мяне можа абагнаць. Малайчына!

Павіншаваў Віктара Партасевіча і Максім Чагарын, адзначыўшы: «Ты, Віктар, адчуваю, у душы застаўся хлебаробам. Нездарма шмат гадоў працаваў на камайскіх палях. Хутка ўспомніў камбайнерскія навыкі і дабіўся высокага намалоту. Удзячны табе за дапамогу і руплівасць».

Наша прадпрыемства не першы год камандзіруе на жніво Віктара Партасевіча і Сяргея Дунца, які працуе ў ААТ «Ярэва-агра», — расказваў Аляксандр Іванькоў. — Ільнозавадчанам дапамагае трактарыст Ваўкоўскага лясніцтва Аляксей Татун. Усе мы разумеем, што харчовая бяспека краіны — на першым месцы. Прыемна, што нашы работнікі ўно­сяць у гэта значны ўклад.

Анна Анішкевіч



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.