З радасцю спяшаюцца цяпер на ўрокі ў Пастаўскую дзіцячую школу мастацтваў імя А. Тызенгаўза вучні, якія граюць на скрыпцы, і іх настаўнікі: займацца ў прыгожых класах вельмі прыемна.
Капітальны рамонт у будынку школы мастацтваў не праводзіўся ніколі. За дзесяцігоддзі інтэр’ер састарэў, і многае ў ім даўно патрабавала замены. Каля двух гадоў назад дзякуючы кіраўніцтву райвыканкама ў навучальнай установе зрабілі новую столь. Яна стала вышэйшай, агаліўшы старое шматслаёвае пакрыццё сцен. Настаўнікі сваімі сіламі замазалі шчыліны і пафарбавалі сцены. Але ў двух класах, дзе займаюцца скрыпачы, шчыліны аказаліся настолькі шырокімі, што ліквідаваць іх з дапамогай «касметыкі» было немагчыма.
— Кожны раз падчас аб’езду школ перад пачаткам новага навучальнага года, а таксама калі да нас прыходзілі бацькі, якія збіраліся аддаць дзяцей на скрыпку, мне было сорамна за стан гэтых класаў, — расказвала дырэктар ДШМ Ганна Цыбулёнак. — І ў рэшце рэшт я вырашыла звярнуцца да старшыні ААТ «Хацілы-агра» Вячаслава Крыштафовіча з просьбай аказаць школе спонсарскую дапамогу на рамонт. Адправіла яму ўсе неабходныя дакументы — у нас ужо быў будаўнік, які ацаніў кошт работ. Вячаслаў Іосіфавіч не пакінуў без увагі мой зварот і ўсяго праз некалькі дзён адказаў, што згодны дапамагчы.
Рамонтныя работы выканалі спецыялісты індывідуальнага прадпрымальніка Аляксандра Галяша. Зрабілі ўсё якасна і з душой. Класы змяніліся непазнавальна, а рознае афармленне і колер сцен надалі кожнаму з іх сваё непаўторнае аблічча. За сродкі раённага бюджэту ў абноўленыя кабінеты купілі новыя сталы, крэслы і шафы вытворчасці ААТ «Паставымэбля». Гэтаму пасадзейнічала начальнік аддзела культуры райвыканкама Ірына Лойка.
— Я вельмі ўдзячная Ірыне Францаўне, Сяргею Васільевічу Чэпіку, будаўнікам і асабліва Вячаславу Іосіфавічу Крыштафовічу за такі падарунак школе, — працягвала Ганна Цыбулёнак. — Думаю, ахвотных навучацца па класе скрыпкі ў нас будзе яшчэ больш.
Алена Шапавалава

