В ОАО «Хотилы-агро» готовятся к уборке кукурузы

Сельское хозяйство

Пусцеюць жніўныя палеткі, і цяпер я, бываючы ў гаспадарках раёна, любуюся высокай кукурузай. А найпрыгажэйшая яна ў ААТ «Хацілы-агра».

Калі праязджаеш міма, міжволі хочацца спыніцца. Асабіста для мяне кукуруза стварае адчуванне сапраўднага казачнага лабірынта: стаіш пасярод такіх высокіх сцяблін — і здаецца, што трапіў у зялёны акіян. Шырокае лісце чапляецца за плечы, а над галавой хістаюцца карункавыя суквецці-мяцёлкі. Пад моцнымі лістамі, бліжэй да сцябла, — цяжкія пачаткі. Яны ахінутыя мяккім лістом і ўпрыгожаныя шаўкавістымі, бліскучымі «валасамі» — кукурузнымі косамі, якія з часам мяняюць колер ад зялёнага да каштанавага. Гэта знак таго, што ўнутры наліліся сокам залатыя зярняткі.

Высокая кукуруза — гэта не толькі шчодрасць прыроды, але і плён працы аграрыяў. Механізатараў, якія якасна падрыхтавалі глебу пад сяўбу і якія своечасова пасеялі, падкармілі ўдабрэннямі, «прахімічылі» ад шкоднікаў, — гаварыў галоўны аграном ААТ «Хацілы-агра» Канстанцін Кульманскі, якога я нядаўна сустрэла на ўскраіне кукурузнага поля перад Хаціламі. — Добры ўраджай — вынік строгага выканання ўсіх тэхналагічных працэсаў.

В ОАО "Хотилы-агро" готовятся к уборке кукурузы

У ААТ «Хацілы-агра» кукуруза займае 1 000 гектараў. І на кожным — вышэйшая за рост чалавека. Моцныя сцябліны, сакавітае зялёнае лісце і буйныя пачаткі сведчаць пра тое, што зямля за клопат аддзячыла спаўна.

У паветры ўжо адчуваецца лёгкі подых восені, а на палях кіпіць работа. Хутка кормаўборачныя камбайны выйдуць і на кукурузныя палі. І пацякуць зялёныя рэкі будучага корму ў сіласныя траншэі.

Па словах спецыяліста, трэба ўлавіць фазу, каб кукуруза не пераспела. Калі пачнуць сохнуць лісце і сцябло, а пачаткі стануць грубымі, то і якасць корму пагоршыцца. Найбольш каштоўныя пажыўныя якасці сілас мае пры ўборцы кукурузы на этапе васковай спеласці зерня або ў канцы малочна-васковай стадыі.

Кукурузны сілас – аснова рацыёну для жывёлы.

Дзякуючы высокаму ўраджаю каралевы палёў жывёла, якая ўтрымліваецца на фермах ААТ «Хацілы-агра», якаснымі пажыўнымі кармамі будзе забяспечана ўдосталь, што гарантуе высокія надоі і прывагі.

Анна Анішкевіч



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.