У жыцці кожнай жанчыны наступае час, калі арганізм перабудоўваецца, — менапаўза. Пра яе асаблівасці карэспандэнт «ПК» Алена Шапавалава гутарыць з акушэрам-гінеколагам Пастаўскай ЦРБ Вольгай КЛІПА.
— Вольга Альфонсаўна, што такое менапаўза з пункту погляду фізіялогіі?
— Гэта натуральны працэс, які характарызуецца спыненнем менструацый і зніжэннем выпрацоўкі палавых гармонаў, такіх як эстраген і прагестэрон. Сярэдні ўзрост наступлення менапаўзы — каля 50 гадоў, але ў кожнай жанчыны ён свой. Гарманальныя змяненні, якія адбываюцца ў гэты перыяд, могуць выклікаць мноства сімптомаў, уплываючы на фізічны і эмацыянальны стан. Гарачыя прылівы, бяссонніца, перапады настрою, зніжэнне шчыльнасці касцей, сухасць скуры і слізістых — толькі частка праяўленняў, з якімі сутыкаюцца прадстаўніцы прыгожай паловы чалавецтва. Перабудова арганізма закранае ўсе сістэмы: сардэчна-сасудзістую, касцявую, нервовую, мочапалавую.
— Якія яшчэ сімптомы характэрныя для менапаўзы?
— Сярод іх патлівасць, пачашчанае сэрцабіццё, раздражнёнасць, плаксівасць, ломкасць пазногцяў і валасоў, набор вагі. Яны могуць быць выражаныя ў рознай ступені. У адных жанчын — мінімальныя, у іншых — значна пагаршаюць якасць жыцця.
— Зніжэнне ўзроўню эстрагенаў можа прывесці да астэапарозу, калі павялічваецца крохкасць касцей і ўзрастае рызыка пераломаў, да захворванняў сардэчна-сасудзістай сістэмы і павелічэння ў 1,5-2 разы рызыкі інсультаў. Таксама нярэдка ўзнікаюць псіхаэмацыянальныя праблемы: трывожнасць, дэпрэсія, зніжэнне кагнітыўных функцый.
— Што можна зрабіць для падтрымання здароўя?
— Адзін з самых эфектыўных метадаў барацьбы з сімптомамі менапаўзы — гарманальная тэрапія. Яна дапамагае папоўніць дэфіцыт эстрагенаў і прагестэрона. Рашэнне пра яе назначэнне ўрач прымае індывідуальна з улікам стану здароўя пацыенткі. Сярод негарманальных метадаў — прыём мінеральна-вітамінных комплексаў і фітатэрапія. Неабходна таксама ўзбагачаць свой рацыён прадуктамі, якія ўтрымліваюць кальцый, вітамін D, амега-3 тлустыя кіслоты, падтрымліваць фізічную актыўнасць і кантраляваць вагу. А яшчэ вельмі важна рэгулярна праходзіць абследаванні ў гінеколага. Гэта дапаможа своечасова выявіць і папярэдзіць магчымыя ўскладненні.

