Тадеуш Стружецкий: «Человек, как и дерево, силен своими корнями»

Культура

Я нарадзіўся тут

Тадэуш Стружэцкі: “Чалавек, як і дрэва, моцны сваімі каранямі”

Вялікая любоў да сваёй малой радзімы не ведае межаў і адлегласцей. Гэтую думку пацвердзяць многія ўраджэнцы Пастаўшчыны, якія жывуць у розных кутках Беларусі і свету. Колькі сярод іх вядомых, таленавітых людзей, прафесіяналаў сваёй справы! Дактары і кандыдаты навук, мастакі і пісьменнікі, заслужаныя дзеячы культуры, вядомыя ўрачы і музыканты… І дзе б яны ні шчыравалі, усё роўна (хоць бы ў думках) вяртаюцца туды, дзе з вузкай сцежкі пачынаўся шлях на шырокі жыццёвы прастор.

Расказаць пра такіх людзей мы будзем у новай рубрыцы “Я нарадзіўся тут”. І першым яе госцем стаў наш зямляк Тадэуш Стружэцкі. Упэўненая, што большасці чытачоў яго прадcтаўляць не трэба: Тадэуша Іванавіча добра ведаюць як аднаго з арганізатараў і  ідэйных натхняльнікаў фестывалю народнай музыкі “Звіняць цымбалы і гармонік”. Ён больш за 30 гадоў прысвяціў рабоце ў Міністэрстве культуры, мае багаты вопыт дыпламатычнай і педагагічнай працы. За сваю прафесійную і творчую дзейнасць адзначаны шэрагам узнагарод.

Галоўныя жыццёвыя ўніверсітэты вядомы дзеяч культуры прайшоў у сваёй сям’і. Звычайнай вясковай сям’і, якая выхоўвала працай і шчырымі ўзаемаадносінамі і якая навучыла галоўнаму… Пра гэта і іншае — наша размова.

Тадэуш Стружэцкі

—Тадэуш Іванавіч, дзе прайшло ваша дзяцінства?

Я нарадзіўся ў невялікай вёсачцы Скопішкі, якую пазней перайменавалі ў Падлявонавічы. У 1957 годзе наша сям’я пераехала ў вёску Шкіралі. На той час там пражывала каля 120 чалавек. Не толькі бацькі, але і мы, дзеці, лёгка наладзілі добрыя адносіны з мясцовымі жыхарамі.

Шкіралі падаліся сапраўднай цывілізацыяй — тут меліся стацыянарныя радыёкропкі, школьная бібліятэка, у вёску рэгулярна прыязджала кінаперасоўка. Дарэчы, кінафільмы дэманстраваліся якраз у нашай хаце. На кожны сеанс збіраліся па 20-30 і больш чалавек, старэйшыя прыносілі з сабой зэдлікі, а меншыя ўладкоўваліся на падлозе. Мы як гаспадары сядзелі на печцы. І гэта было для нас вялікае шчасце, сапраўднае свята! Да таго ж і эканомілі 5, а то і 10 капеек, бо за прагляд фільмаў не плацілі.

Што яшчэ памятаецца з вясковага жыцця? 

—Сваім перасяленнем наша сям’я стварыла для мясцовых жыхароў лепшыя, чым былі, умовы жыцця. Бацька пабудаваў дыхтоўную вялікую лазню, у якой упершыню была гарачая вада (раней яе грэлі дома і прыносілі). Ёй пачала карыстацца большасць вяскоўцаў. У гэтай жа лазні бацька пачаў вэндзіць мяса — яго прыносілі з усіх Шкіралёў, і з іншых вёсак. Таксама тата выдатна валіў валёнкі (у нас называліся вайлакі). Усе вяскоўцы — ад старога да малога — карысталіся яго вырабамі. Бацька лічыўся ці не найлепшым майстрам у раёне, таму заказаў меў на некалькі месяцаў наперад. Мы, дзеці, разам з бацькамі вечарамі былі ўключаны ў гэты складаны працэс.

Насупраць нашай хаты бацька пабудаваў вялікія арэлі, каля якіх сфарміравалася своеасаблівая грамадская пляцоўка. Увечары тут збіраліся дзеці і моладзь, а ў выхадныя — і старэйшыя. Мы разам з бацькамі ўдзельнічалі ў мясцовых абрадах і іншых вясковых мерапрыемствах.

Раскажыце, калі ласка, пра сваіх бацькоў.

Яны былі для мяне самымі галоўнымі настаўнікамі і самымі вялікімі аўтарытэтамі, хаця самі скончылі толькі царкоўна-прыходскія школы. Маці, Марыя Восіпаўна, больш займалася хатняй гаспадаркай, але па магчымасці працавала і ў калгасе. Бацька, Іван Іосіфавіч, быў удзельнікам вайны, узнагароджаны шматлікімі медалямі. Ён ва ўсе часы быў моцным і руплівым гаспадаром, многа і цяжка працаваў у калгасе, фактычна адзін забяспечваў сям’ю. А нас тады было 7 чалавек, пазней адзін са старэйшых братоў і маленькая сястра памерлі.

І сёння без перабольшання магу сцвярджаць: сапраўдныя жыццёвыя ўніверсітэты я прайшоў у сваёй сям’і, далучаючыся да ўсяго, што рабілі бацькі. Даводзілася і буракі палоць, і качак калгасных пасвіць, і на сенакос выходзіць. Зімой, калі бацька загадваў стайняй, кожны дзень дапамагаў яму выганяць на вадапой больш за два дзясяткі коней, ахапкамі разносіў сена па кармушках.

Тадэуш Стружэцкі з бацькамі

Атрыманыя ад бацькоў навыкі спатрэбіліся ў дарослым жыцці?

Так. Напрыклад, выдатнай школай для мяне было будаўніцтва ў Шкіралях нашай новай хаты. Талакой рабілі толькі зруб, амаль усе астатнія работы бацька выконваў сам, а я па магчымасці дапамагаў. Гэты вопыт мне пасля вельмі спатрэбіўся пры ўзвядзенні сваёй дачы ў Вязынцы, якую я таксама пабудаваў сваімі рукамі.

А ўвогуле памятаецца многае. Нават і цяпер не забыўся, як робіцца дранка для даху, магу паўтарыць усе этапы яе вырабу.

Якімі былі вашы школьныя гады?

Мне давялося вучыцца ў трох школах: Шкіралёўскай пачатковай, Дварчанскай 8-гадовай і Нарацкай сярэдняй. Найбольш яркімі і памятнымі былі гады навучання ў Дварчанах. У той час у новым, прасторным, добра абсталяваным будынку васьмігодкі вучыліся 120 дзяцей. Хадзіць туды за 3 кіламетры не было аніякіх праблем. Крыху складаней было зімой, калі выпадала многа снегу і стаяў вялікі мароз. Тадыцыйна па дарозе ў школу першы з пачатку вёскі заходзіўся па наступнага, і так збіраліся ў апошнім доме чалавек 10. Калі быў вялікі мароз, раіліся: ісці ці не ісці ў школу. Памятатаецца, і як ішлі па снежным цаліку і па чарзе пратоптвалі сцежку. Былі і такія выпадкі, калі спыняліся на паўдарозе і вярталіся дамоў…

З удзячнасцю ўспамінаю ўсіх настаўнікаў, большасці з якіх, на жаль, ужо няма. А само школьнае жыццё было насычаным: самадзейнасць, спартыўныя спаборніцтвы, канцэрты, з якімі рэгулярна выступалі па вёсках і якія былі сапраўднымі экзаменамі перад бацькамі і вяскоўцамі… Нават памятаю нумары са свайго рэпертуара, напрыклад папулярныя ў той час песні Марка Бернеса.

Дзе працягвалі адукацыю?

У ліпені 1969 года я ў першы раз паехаў у Мінск паступаць на гістарычны факультэт педінстытута імя Горкага, але не прайшоў па конкурсе і быў вымушаны вярнуцца дадому. Псіхалагічна гэта было вельмі цяжка, бо я ўвогуле першым з вяскоўцаў паступаў у ВНУ. Адзіны і атрымаў вышэйшую адукацыю, і бацькі гэтым вельмі ганарыліся.

У школе я меў добрыя вакальныя даныя, граў у духавым аркестры, на баяне. Таму спачатку прайшоў курсы Міністэрства культуры па падрыхтоўцы кіраўнікоў аматарскіх калектываў, пасля паступіў у Віцебскае музычнае вучылішча, а затым — у педінстытут імя Горкага на новае музычнае аддзяленне на бібліятэчным факультэце. Пачалося сапраўднае актыўнае і насычанае студэнцкае жыццё: лыжныя паходы па Беларусі, студатрады, турыстычныя паездкі па краінах СССР. Прызначаная на другім курсе Ленінская стыпендыя вымушала пастаянна ўдзяляць многа часу і непасрэдна вучобе. Тады ж пачаў актыўна займацца навуковай работай, скончыў аспірантуру пры Маскоўкім інстытуце культуры.

Вы прысвяцілі больш за 30 гадоў працы ў Міністэрстве культуры, займалі пасаду намесніка міністра. Якім быў для вас гэты час?

Работа мела і свае плюсы, і свае мінусы. Давялося кантактаваць і працаваць з вельмі цікавымі і вядомымі людзьмі, не адзін раз аб’ехаць усю Беларусь уздоўж і ўпоперак, арганізоўваць самыя розныя рэспубліканскія і міжнародныя мерапрыемствы, пабываць у службовых і турыстычных паездках амаль у 40 краінах свету. Меў самае непасрэднае дачыненне да стварэння многіх заканадаўчых і нарматыўных дакументаў у галіне культуры, да падрыхтоўкі спецыялістаў, фарміравання сеткі ўстаноў культуры, сістэмы фестываляў.

Практычна ўвесь час меў магчымасць спалучаць кіраўніцкую работу з рэалізацыяй разнастайных творчых праектаў, займацца многімі канкрэтнымі справамі, пастаянна быць у гушчыні цікавых культурных падзей. З мінусаў — вялізную колькасць выхадных дзён я таксама праводзіў на працы, а значыць пазбавіў неабходнай увагі сям’ю, радзей адведваў бацькоў, мала часу прысвячаў сваім інтарэсам.

Тадэуш Стружэцкі падчас аднаго з фестываляў «Звіняць цымбалы і гармонік»

Раскажыце пра сваю ідэю арганізаваць  афіцыйную сустрэчу выхадцаў Пастаўшчыны — чула ад вас яе раней…

—Калі я працаваў у Міністэрстве культуры, маё ўпраўленне курыравала работу з суайчыннікамі за мяжой, таму прыходзілася часта кантактаваць з беларусамі многіх краін свету. Нярэдка бываў у суседніх краінах на беларускіх мерапрыемствах і заўжды радаваўся, калі сустракаў там сваіх землякоў. А калі сабраў пра іх больш поўную інфармацыю, то ўзнікла ідэя стварыць грамадскую супольнасць — Пастаўскае зямляцтва. Пакуль яна, на жаль, не да канца рэалізавана. Мару, што некалі атрымаецца ўвасобіць у жыццё яшчэ адну задуму — падчас фестывалю “Звіняць цымбалы і гармонік” арганізаваць сустрэчу выхадцаў Пастаўшчыны. Упэўнены, што многія з іх захочуць зрабіць нешта карыснае для сваёй малой радзімы і што такое мерапрыемства дасць штуршок для рэалізацыі новых ініцыятыў.

Чым займаецеся на заслужаным адпачынку?

Усё маё жыццё было звязана з людзьмі, з рознымі прафесійнымі і грамадскімі справамі. І зараз не атрымліваецца прысвяціць вольны час выключна сабе і асабістым планам. З’яўляюся кіраўніком Беларускага фонду культуры, працягваю супрацоўніцтва з Беларускім дзяржаўным універсітэтам культуры і мастацтваў, працуючы дацэнтам на кафедры сацыякультурнай дзейнасці, уваходжу ў склад камісій і экспертных саветаў Міністэрства культуры і іншых органаў, рэдкалегій некалькіх газет і часопісаў, у склад журы многіх конкурсаў і фестываляў.

Ці часта атрымліваецца прыязджаць на Пастаўшчыну?

—З 1991 года, калі ў Паставах пачалі “звінець цымбалы і гармонік”, бываю тут 4-5 разоў на год. Якой бы напружанай ні была праграма фестывалю, стараюся хаця б на некалькі хвілін заехаць у родную вёску, падысці да роднай хаты. Там мне знаёмы кожны куточак, кожная дошчачка. Вялікі дзякуй новым гаспадарам, што не перарабілі яе.

Бываючы ў Шкіралях, абавязкова праходжу вуліцай, з цеплынёй успамінаю былых жыхароў. Яны былі розныя, маглі пасварыцца з-за дробязей, але ў святы ці на пахаваннях заўжды былі разам, дапамагалі адно аднаму талакой.

Жывучы ў Мінску, сачу за навінамі ў Паставах, пра якія даведваюся на сайце газеты “Пастаўскі край” або ў тэлефонных размовах з сябрамі, знаёмымі, заўжды ганаруся поспехамі землякоў.

Каля роднай хаты

Што для вас малая радзіма?

—Для мяне яна была і застаецца цэлым сусветам, тым месцам, куды заўсёды хочацца прыехаць, наталіцца чыстым родным паветрам, успомніць людзей і падзеі, тыя сцяжынкі, па якіх некалі кожны дзень хадзіў. На жаль, многія з іх пазарасталі. Амаль не засталося рэчкі, у неперасохлых вірах якой мы ў дзяцінстве лавілі летам шчупакоў. Вельмі балюча ўсведамляць, што фактычна вёска ўжо памерла — застаўся апошні карэнны жыхар і ўсяго некалькі хат, і пагаварыць ці ўспомніць былое ўжо няма з кім. Таму ў памяць пра вёску я хацеў бы ўстанавіць знак або каплічку. Гэта было б своеасаблівым месцам ушанавання сваіх продкаў.

Я перакананы, што ўсе мы ў вялікім даўгу перад сваёй малой радзімай, з якой пачаўся шлях у вялікі свет. І забываць пра яе не маем права, бо кожны чалавек, як і дрэва, моцны менавіта сваімі каранямі.

Іна Сняжкова
Фота з архіва Тадэуша Стружэцкага



Читайте также:
Какие кулинарные традиции есть на Поставщине? +2 рецепта от клуба «Традиция»
Девчата и Мария Сеганкевич — победители молодёжного вокального конкурса «Зажги свою звезду»
В Минске открылась выставка художницы Людмилы Курилович «Святочны букет для жанчыны»



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.