Образцовая цирковая студия «Каскад» празднует свой 15-летний юбилей (+видео)

Важное Культура

«Каскаду» ўсе і ўсюды рады

Верасень 2005-га. У раённым Доме культуры ажыўленне: тут пачынаюць праходзіць першыя рэпетыцыі цыркавой студыі «Каскад». Ніколі нічога падобнага ў Паставах не было, таму яна ўспрымаецца як экзотыка. Цікавасць, адпаведна, павышаная: паспрабаваць сябе ў розных цыркавых жанрах пажадалі адразу каля сотні пастаўскіх дзяцей.

Прайшло 15 гадоў. Студыі за гэты час прысвоена званне ўзорнай, яна стала неад’емнай часткай культурнага жыцця Пастаўшчыны і своеасаблівай візітнай карткай раённага Дома культуры. Тут па-ранейшаму з захапленнем займаюцца дзясяткі юных пастаўчан, сярод іх ёсць нават дзеці першых выпускнікоў «Каскада».

Першы склад «Каскада» з яго кіраўніком Алёнай Дзіль

Такі поспех і папулярнасць студыі — заслуга яе нязменнага кіраўніка Алёны Дзіль. У Паставы яна прыехала з Шаркаўшчыны ў тым жа 2005 годзе. Прыехала з дзецьмі і мужам Валянцінам, з якім і пачала ўвасабляць у жыццё сваю смелую задуму па стварэнні ў нашым райцэнтры цыркавой студыі. Пра тое, як яна нараджалася, распытала Алёну Здзіславаўну. Нагодай жа для сустрэчы стаў юбілейны канцэрт «Каскада», які заўтра адбудзецца ў раённым Доме культуры.

Першае пытанне — пра вытокі вялікай любові да цырка. Як аказалася, ім кіраўнік «Каскада» жыве з 11 гадоў.

— У дзяцінстве я заўжды любіла займацца спортам, — пачала свой аповед Алёна Дзіль. — Спрабавала сябе ў веласпорце, скачках у даўжыню, аднак адчувала сябе, як кажуць, не ў сваёй талерцы. Пакуль не трапіла ў гурток па гімнастыцы, а адтуль — у шаркаўшчынскі цыркавы калектыў «Мечта». Пачаўся вельмі яркі і творчы, абсалютна новы этап майго жыцця. Пазней я шмат дапамагала кіраўніку ў пастаноўцы нумароў, упрыгожванні касцюмаў. Тады, у пачатку 90-х, зрабіць гэта было не так проста: у продажы адсутнічалі бліскучыя тканіны, паеткі. Таму да купальнікаў, якія адбельвалі ў хлорцы, прышывалі канфеці з хлапушак, розны спадручны матэрыял.



За год юныя артысты «Каскада» ўдзельнічаюць як мінімум у 20 канцэртах.



10 гадоў у тым цыркавым калектыве сталі для Алёны выдатнай школай, якая загартавала, развіла ў яе многія якасці — вынослівасць, камунікабельнасць і іншыя. Таму адкрываць сваю студыю ў Паставах ужо было лягчэй.

— Калі табе падабаецца тое, чым займаешся, то на любыя цяжкасці ўвагі не звяртаеш, — працягвала мая суразмоўца. — На шчасце, былі і ёсць адна­думцы, якія заўсёды дапамогуць, падтрымаюць. Сярод іх і дырэктар РДК Ала Чарнюк, і мае калегі з іншых гарадоў. Напрыклад, калі мы толькі пачыналі арганізоўваць студыю, новапалачане падарылі нам паветранае кола, манацыкл, на ўзор якога муж зрабіў іншыя. Галоўны стымул развівацца — гэта таленавітыя, працавітыя дзеці, якія штогод прыходзяць у студыю з вялікім жаданнем зай­мацца.

Сёння ў «Каскадзе» больш за 50 удзельнікаў ва ўзросце ад 6 да 17 гадоў. На рэпетыцыі яны прыходзяць два разы на ты­дзень, а перад мерапрыемствамі — кожны дзень. Каб адтачыць нумар (а ён можа рыхтавацца і паўгода), у яго трэба ўкласці шмат сіл. Нагрузкі, безумоўна, вытрымлівае не кожнае дзіця. Аднак такі «натуральны адбор» у студыі лічыцца нормай.



Калі ў канцэрце ўдзельнічае «Каскад» – значыць, яркія ўражанні гледачам гарантаваныя. Я ганаруся тым, што ў нас ёсць такая студыя, і вельмі ўдзячная Алёне Дзіль за тую вялікую работу, якую яна праводзіць.

Дырэктар РДК Ала Чарнюк



— З сотні пастаўчан, якія запісаліся да нас у 2005-м, зай­мацца пастаянна засталася пятая частка, — прыгадвала кіраўнік студыі. — Затое гэта былі сапраўды зацікаўленыя, матываваныя дзеці. Адзначу, што мы прымалі ўсіх. Так, далёка не кожны зможа стаць паветраным акрабатам: тут і фізічныя здольнасці павінны быць адпаведныя, і маральныя якасці. Аднак у студыі ёсць шэраг іншых варыянтаў, як сябе праявіць. Няма гнуткасці цела — можна жангліраваць, ха­дзіць на хадулях. Баішся вышыні — ніхто не забараняе круціць абручы, катацца на манацыкле.

Вопыту, якім можна дзяліцца з дзецьмі, у Алёны многа. Яна, выпускніца Віцебскага каледжа мастацтваў, нават гастраліравала па Іспаніі: у складзе цыркавога калектыву выступала як паветраная гімнастка, танцоўшчыца з абручамі і ў шэрагу іншых амплуа.

Калі выпадае магчымасць, кіраўнік «Каскада» ездзіць у Мінск на выступленне «Цырка дзю салей», які лічыцца эталонам у гэтым відзе відовішчнага мастацтва. Прычым цыркам у сям’і захопленыя не толькі Алёна і яе муж, але і ўсе чацвёра дзяцей.



Летась Алёна Дзіль як шматдзетная маці была ўзнагароджана прэміяй Зінаіды Тусналобавай-Марчанкі.



— З-за работы і хатніх клопатаў часу на ўласныя захапленні амаль не застаецца, — адзначыла Алёна Здзіславаўна. — А ў мяне іх насамрэч нямала. Напрыклад, люблю ствараць сваімі рукамі разнастайныя вырабы, упрыгожваць імі дом, які мы пабудавалі тут, у Паставах. Гэты горад стаў ужо для нашай сям’і родным (сюды пераехалі жыць і бацькі Алёны — аўт.). Калі мы аднекуль вяртаемся ў Паставы, то ведаем, што вяртаемся дадому.

Алёна Дзіль палюбіла наш райцэнтр, а гараджане ў сваю чаргу — творчасць яе падапечных. Упэўненая, што заўтра яны сустрэнуць на сцэне «Каскад», як заўжды, цёпла і добразычліва. Іх шчырае захапленне, апладысменты стануць для юных артыстаў і іх кіраўніка найлепшым падарункам. І натхненнем займацца ў студыі надалей.



Заўтра ў 14.00 у раённым Доме культуры па вуліцы Станкевіча адбудзецца першы юбілейны канцэрт узорнай цыркавой студыі «Каскад». Запрашаюцца ўсе ахвотныя. Уваход бясплатны.

***

Полная версия концерта

Іна Сняжкова
Фота з архіва «ПК» і Алёны Дзіль



Читайте также:
Полным ходом идет подготовка к фестивалю «Звіняць цымбалы і гармонік»
С днём рождения, «Скифы»! Ретро-коллектив, который пытается сохранить музыкально-культурное наследие
В музее состоялась встреча с исследователями истории и культуры татар Беларуси



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.