Не стёрли с лица земли, а в неё закопали. История «потерянного» в Камаях памятника времён І мировой войны

Важное История

Страцілі, каб набыць?

У ранейшых артыкулах, прысвечаных Вялікай вайне на Пастаўшчыне, мы здзейснілі віртуальныя экскурсіі ў Вялікую Ольсю, Задзеўе, Дукі, Мажэйкі і на возера Варанец, якія знаходзіліся недалёка ад тагачаснай лініі фронту. А сёння прапануем адправіцца ў тыл — у Камаі — і даведацца, чаму ў касцёле маглі ляжаць параненыя салдаты, дзе шукаць сцёрты з твару зямлі помнік, адкуль у мясцовага ксяндза з’явіліся раней невядомыя фатаграфіі часоў Першай сусветнай і якое важнае адкрыццё яны дапамаглі зрабіць.

Тэму для новага артыкула мне падказаў здымак, зроблены ў Камаях у 60-я гады мінулага стагоддзя. На ім тры дзясяткі мясцовых жыхароў абступілі вялікі каменны помнік, які некалі стаяў у вёсцы.

Жыхары Камай каля помніка часоў Першай сусветнай вайны. 60-я гг. ХХ ст.

Яго выяву, у «поўны рост» і без людзей, бачыла і ў кнізе «Битва у Нарочи». Праўда, інфармацыі пра помнік там няшмат. Сказана, што ён быў устаноўлены на месцы воінскага пахавання часоў Першай сусветнай вайны і знесены ў другой палове ХХ стагоддзя.

Жыхар Камай Павел Давідоўскі, які і паказаў мне архіўны здымак, змог расказаць пра лёс аб’екта падрабязней. Аказваецца, яго ў 1991 годзе павалілі і засыпалі пяском — такім чынам рыхтавалі пляцоўку пад новы школьны стадыён. А гэта зна­чыць, што помнік не разбураны, нікуды не вывезены і ляжыць у зямлі непадалёк ад касцёла.

Ці вядома, дзе дакладна? Якая ёсць інфармацыя пра вайсковыя могілкі ў Камаях і ўвогуле пра падзеі 1915—1917 гг. у іх наваколлі? Адказаць на гэтыя і іншыя пытанні папрасіла мясцовага ксяндза Яцэка Хутмана. Менавіта па яго ініцыятыве ў 2014 годзе ў вёсцы аднавілі памяць пра ахвяр Першай сусветнай вайны — аднеслі межы стадыёна і на вызваленым месцы пахавання ўстанавілі памятны знак. Таму размова з нераўнадушным святаром абяцала быць цікавай.

Ксёндз Яцэк Хутман

Пачалі яе з прагляду здымкаў, зробленых на Камайшчыне ў часы Вялікай вайны. Імі па­дзяліўся даследчык Уладзімір Багданаў, які на працягу многіх гадоў збірае фатаграфіі таго часу.

Пазнаёміўшыся з матэрыялам, ксёндз нечакана паведаміў, што мае больш фатаграфій ваеннага перыяду, толькі трэба іх знайсці. З іншага пакоя ён пачаў прыносіць вялікія папкі — «Хроніку парафіі», у якой сабраны разнастайныя звесткі пра касцёл, парафіяльнае жыццё, славутых ураджэнцаў Камай, цяперашнія падзеі ў вёсцы. Тут і фотаздымкі розных часоў, і артыкулы з газет, і дакументы…

У адным з такіх шасці «тамоў» святар знайшоў неабходнае — раздрукоўкі здымкаў, зробленых у Камаях больш чым 100 гадоў назад. Як аказалася, іх яшчэ 10 гадоў назад перадаў яму на дыску грамадзянін Германіі Леа Энзэль. Яго дзед у Першую сусветную служыў у Камаях урачом, і нашчадак у 2010 годзе наведаў гэта знакавае ў гісторыі сваёй сям’і месца.

На адной з фатаграфій можна ўбачыць, як выглядалі могілкі часоў Першай сусветнай вайны ў Камаях неўзабаве пасля іх з’яўлення: абгароджаная тэрыторыя, дзясяткі драўляных крыжоў, вялікі каменны помнік.

Могілкі ў Камаях у часы Першай сусветнай вайны

Я прыехаў у Камаі ў 2002 го­дзе, калі на месцы пахавання ўжо быў школьны стадыён, — узгадваў Яцэк Хутман. — Але мясцовыя жыхары не забыліся, колькі ахвяр вайны ляжыць у зямлі каля школы. Калі хадзіў па хатах па Калядзе, людзі мне неаднойчы пра гэта напаміналі — паказвалі старыя здымкі могільніка, помніка. Многія парафіяне абураліся, маўляў, нядобра гэта, не па-хрысціянску, што дзеці на магілах у футбол ганяюць. Менавіта зыходзячы з нормаў маралі, мы пачалі аднаўляць пахаванне, не зважаючы на тое, людзі якой нацыянальнасці і якога веравызнання там пахаваны.

На месцы могілак раней быў школьны стадыён
Па ініцыятыве ксяндза Яцэка Хутмана і вернікаў мясцовай парафіі памяць пра пахаванне была адноўлена. Фота зроблена падчас асвячэння могілак у 2014 годзе

На ўстаноўленым 6 гадоў назад памятным знаку можна прачытаць, што на могілках спачываюць салдаты нямецкай арміі. Аднак здымак, перададзены Леа Энзэлем, сведчыць, што не толькі яны.

Звяртае на сябе ўвагу, як шмат каля помніка драўляных праваслаўных крыжоў, — дзяліўся сваімі назіраннямі даследчык Уладзімір Багданаў пасля вывучэння фатаграфіі. — Гэта можна растлумачыць тым, што могілкі за касцёлам былі шпітальнымі. У Камаях у гады Першай сусветнай знаходзіўся палявы лазарэт №207, дзе лячылі не толькі нямецкіх, але і рускіх салдат — палонных, параненых, падабраных на полі бою. Цікава, што праваслаўныя крыжы стаяць на могілках не ў асобным сектары, як гэта часта бывала, а сярод пратэстанцкіх. Значыць, салдат дзвюх варожых армій хавалі побач. Такім чынам, цяпер можна з ўпэўненасцю сцвярджаць, што могілкі ў Камаях не нямецкія, як гэта заўжды лічылася, а інтэрнацыянальныя. Прычым сярод пахаваных маглі быць і беларусы, прызваныя ў Рускую армію з нашых тэрыторый.

Уладзімір Багданаў таксама падзяліўся планам Камай 1917 года, які нядаўна ўдалося знайсці мінскаму даследчыку Першай сусветнай Валерыю Міцкевічу. На плане пазначаны будынкі, якія ў Першую сусветную выкарыстоўваліся немцамі ў ваенных мэтах. Напрыклад, на ім бачна, дзе раней размяшчаліся прыёмнае аддзяленне, аперацыйная зала, «офіс» галоўнага ўрача…

План Камай часоў Першай сусветнай вайны. Сінім колерам пазначаны будынкі, якія выкарыстоўваліся ў ваенных мэтах

Немцамі быў заняты і касцёл.

Хутчэй за ўсё, ён быў адным з памяшканняў шпіталя, — лічыць даследчык. — Там маглі ляжаць параненыя салдаты — такая практыка ў гады вайны была досыць распаўсюджаная. У мяне ёсць фотаздымкі тых часоў з Кабыльніка (сучасная ­вёска Нарач), Засвіра, дзе бачна, што ў храмах знаходзяцца параненыя.

Царква ў Кабыльніку, 1917 год
Храм у Засвіры ў гады Першай сусветнай вайны

Ад касцёла да месца пахавання ахвяр Першай сусветнай вайны — хвіліна хадзьбы. Менавіта туды накіроўваюся пасля размовы з ксяндзом. Кампанію мне складае Павел Давідоўскі, які ведае шмат цікавай інфармацыі з гісторыі сваёй малой радзімы.

Бабуля ўспамінала, што на тэрыторыі пахавання раней былі чатыры польскія магілы,распавёў ён. — За імі да пачатку Другой сусветнай вайны даглядалі школьнікі. Яны ж на дзяржаўныя святы стаялі ў ганаровай варце. Хто быў пахаваны ў гэтыя магілах, яшчэ хачу высветліць.

Павел спыняецца на месцы, дзе, верагодна, стаяў помнік з барэльефам укленчанага салдата.

Павел Давідоўскі на месцы, дзе, верагодней за ўсё, пад зямлёй ляжыць помнік

Мой дом знаходзіцца зусім побач, і я памятаю гэтыя могілкі з маленства, — працягваў суразмоўца. — Раней вакол іх знаходзіліся школьныя гаспадарчыя пабудовы і пляцоўкі для заняткаў фізкультурай і пачатковай ваеннай падрыхтоўкай. Пры гэтым самі могілкі заставаліся некранутымі. У 1991-м пачалі рабіць вялікі школьны стадыён, і для гэтага патрабавалася знесці ўсе пабудовы, пляцоўкі і могілкі.

Добра памятаю, калі бульдозер прыехаў раўняць участак, я, 10-гадовы хлапчук, са стрыечным братам папрасіўся ў кабіну. Нават здымак захаваўся, дзе мы стаім каля гэтага бульдозера. Тэхнікі тады, дарэчы, тут працавала нямала. Машынамі прывозілі пясок і засыпалі павалены помнік, дзясяткі бетонных пліт, якія ў міжваенны перыяд былі ўстаноўлены палякамі замест драўляных крыжоў. Потым пляцоўку выраўнялі, і ад могілак не засталося і знаку.

Павел Давідоўскі са сваім стрыечным братам на бульдозеры, які расчышчаў пляцоўку для новага стадыёна

Пра тое, дзе быў устаноўлены помнік, яшчэ раней пытаўся ў мясцовых жыхароў і ксёндз Яцэк Хутман. Усе яны ўказвалі прыблізна на адно месца — тое ж, што і Павел.

Ці можна яго аднавіць? Адказ на паверхні: можна. Але для гэтага патрэбна шмат сумеснай працы мясцовых жыхароў і ўлады. Напрыклад, на Піншчыне ўжо былі выпадкі, калі помнікі часоў  Першай сусветнай літаральна даставалі з-пад зямлі.

…Ад’язджаючы з Камай, развітваюся поглядам з касцёлам-крэпасцю. Узгадваю, што ў яго таўшчэзных сценах захаваліся пушачныя ядры часоў Паўночнай вайны. Дзякуючы ім і сёння мясцовыя жыхары і шматлікія турысты ўзгадваюць падзеі трохсотгадовай (!) даўнасці. Магчыма, такім вечным сімвалам-напамінам пра Першую сусветную і яе ахвяр некалі стане ўкленчаны салдат у цэнтры яшчэ не страчанага назаўжды помніка. Бо яны ж і ўстанаўліваліся для таго, каб людзі помнілі — праз гады, дзесяцігоддзі і стагоддзі…

P.S. На дыску, перададзеным Леа Энзэлем, аказалася больш за 100 здымкаў часоў Першай сусветнай вайны, зробленых у розных мясцінах, дзе служыў яго дзед. Пакінуў немец і біяграфічныя звесткі, дзённікі, фатаграфіі свайго продка. Гэта тэма вартая асобнага артыкула, і мы апублікуем яго ў наступным выпуску спецпраекта.

Іна Сняжкова
Фота аўтара, Уладзіміра Багданава і з яго прыватнай калекцыі,
з архіва Паўла Давідоўскага і Леа Энзэля



Читайте также:
Хранитель старины. Житель деревни Прудники показал предметы столетней давности
Экскурсии в прошлое. История 130-километровой брусчатки Поставы-Вильнюс
Эхо публикации. Новые факты о старых брусчатках



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.