Игровая комната в «Кофейне» дарит детям радость, а родителям — отдых

Главное Общество

Дзіцячы пакой – для бацькоў спакой

Як адпачыць матулі з малым дзіцем? Бывае, што ёй і прысесці няма калі, не тое што ў спакойнай абстаноўцы папіць чаю ці кавы. Уладальніца кафейні і мама двух маленькіх сыноў Таццяна Сітовіч ведае гэта як ніхто іншы, таму і адкрыла з мужам у Паставах гульнявы пакой для дзяцей. Карэспандэнт «ПК» накіравалася туды, каб даведацца, чаму ён у жыхароў нашага горада становіцца ўсё больш папулярным.

Таццяна заходзіць у дзіцячы пакой з сынамі Уладзімірам і Яўгеніем, якім 4 і 2 гады. Як і належыць сапраўднай гаспадыні, найперш пачынае наводзіць парадак у цацках: не ўсе яны пасля папярэдніх наведвальнікаў ляжаць на сваіх месцах. Тым часам хлопчыкі, адчуваючы сябе як дома, апаноўваюць батут.

Гэты пакой пры кафейні быў адкрыты яшчэ год назад, — расказвала Таццяна Сітовіч. — Ідэя мая і майго мужа Аляксандра. Натхніла на яе само жыццё. Гадуючы дваіх малых, складана знайсці час на перадышку або каб спакойна вырашыць па тэлефоне нейкія рабочыя пытанні. Гэта, думаю, знаёма многім маладым бацькам. Таму падумалі: як можна зацікавіць малых зыходзячы са сваіх магчымасцей? І спыніліся менавіта на гэтым варыянце. У жыццё яго ўвасобілі літаральна за тыдзень. Як вынік цяпер мы з вамі можам спакойна размаўляць нават у кампаніі вось такіх непасед.

Уважлівей прыглядаюся да «дэкарацый» пакоя. Тут ёсць батут, невялікі надзіманы басейн з шарыкамі, цацачныя домікі, розныя віды канструктараў, лялькі і машынкі, баскетбольнае кольца, дзіцячая кухня, развівальныя цацкі… Цяпер разумею, чаму дзецям тут не патрэбна маміна ўвага.

Працягваем размову з Таццянай. Пытаюся ў яе пра адукацыю.

Я вучылася ў СШ №1, — гаварыла мая суразмоўца. — Мне заўжды падабаліся хімія, біялогія, адзнакі па іх былі выдатныя. Аднойчы, ужо старшакласніцай, трапіла на экскурсію ў Віцебскі медуніверсітэт і зразумела, што хачу стаць урачом. Шлях у прафесію быў доўгім: спачатку скончыла ў Мінску медыцынскі каледж, працавала на ФАПе ў Юньках, затым былі шэсць гадоў напружанай вучобы на педыятрычным факультэце Гродзенскага медуніверсітэта, работа ў Пастаўскай ЦРБ. І, прайшоўшы ўсе гэтыя этапы, магу з упэўненасцю сказаць, што работа педыятрам, нягледзячы на адказнасць, мне сапраўды даспадобы.

Тым часам у гульнявы пакой прыходзяць новыя наведвальнікі — тата з аднагадовай дачкой. Мужчына тут упершыню. Яму трэба пабавіць час, пакуль жонка прыхарошваецца ў цырульні. І ён задаволены, бо не трэба ламаць галаву, чым за­няць дзіця.

Чуць станоўчыя водзывы заўжды прыемна, бо ў наш сямейны бізнес мы ўкладваем сапраўды шмат сіл, — адзначыла Таццяна Сітовіч. — Муж (ён, дарэчы, таксама родам з Пастаў — аўт.) ніколі не спыняецца на дасягнутым, пастаянна вучыцца, усебакова развіваецца. Бачу, што яму кайфова працаваць у гэтай галіне. Праўда, збоку можа падацца, што ўсё даецца лёгка. Насамрэч свая справа — гэта тытанічная праца, асабліва калі ўсяму вучышся сам і разлічваеш выключна на сябе.

Маладая сям’я жыве на 2 гарады. Сваю кафейню, толькі значна большую па плошчы, яна не так доўно адкрыла і ў Мінску. «Фішка» іх сталічнай установы — наяўнасць у ёй кніг для дзяцей і дарослых, якія можна пачытаць за кубачкам кавы.

У нашым райцэнтры паўта­рыць такую ідэю немагчыма з-за недахопу месца. Аднак Таццяна плануе арганізаваць хаця б паліцу для красбукінгу (так называецца абмен прачытанымі кнігамі і часопісамі). Упэўнена кажа і пра тое, што паступова будзе абнаў­ляць асартымент цацак і гульняў у дзіцячым пакоі. Таму можна не сумнявацца, што колькасць яго прыхільнікаў — як дзяцей, так і іх бацькоў — будзе павялічвацца.

Іна Сняжкова
Фота аўтара і з архіва сям’і Сітовіч



Читайте также:
Елена Сыропятко из д. Ясюки создает креативное мыло ручной работы
Александр Пайлак из Воропаева — талантливый художник, резчик по дереву и чеканщик
Поставчанка Марта Вавинская всегда излучает тепло и нежность



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.