Горел как костер… 2 года назад не стало бывшего председателя колхоза им. Суворова Олега Володько

Общество

Горел как костёр, всех теплом согревая,
И душу свою нараспашку держал,
На горе людское добром откликаясь,
Он сердце своё по частям отдавал.
Он землю любил, был слугой ей и другом,
Пока не закрылись навеки глаза…

Гэта радкі з верша навасёлкаўскай паэтэсы Сафіі Скабёлкінай, якія выліліся з яе сэрца, як толькі ўскалыхнула жалобная вестка, што не стала былога старшыні калгаса імя Суворава Алега Валодзькі. Пранікнёныя паэтычныя словы дакладна перадаюць чалавечую сутнасць такога простага і такога легендарнага сына зямлі пастаўскай.

Мінулі два гады, як ён адышоў у вечнасць. Да першай гадавіны з дня смерці на адміністрацыйным будынку ААТ «Навасёлкі-Лучай» усталявана мемарыяльная дошка, да другой — мясцовай школе прысвоена імя Алега Валодзькі (пра гэта мы раскажам у газеце пасля ўрачыстасці, што рыхтуецца ў навучальнай установе). Яшчэ не прытупіўся боль у сэрцах не толькі родных яму людзей, але і ўсіх, хто поплеч з ім працаваў, кантактаваў па службовых абавязках, меў зносіны ў іншых жыццёвых стасунках. А ўспаміны пра чалавека-легенду (не пабаюся такога параўнання), напэўна, не сатруцца і праз дзесяцігоддзі. Паслухаем тых, каму пашчасціла ведаць Алега Адольфавіча.

Вера Мукель:

— Закончыўшы Гродзенскі сельгасінстытут, я з дыпломам вучонага агранома прыехала па размеркаванні ў калгас імя Суворава. Старшыня Алег Валодзька прапанаваў усяго толькі пасаду брыгадзіра. Не згадзілася і гатова была адправіцца ў любы іншы калгас. Толькі пасля ўмяшання начальніка раённага ўпраўлення сельскай гаспадаркі мяне назначылі ў Навасёлках аграномам-насенняводам. Так непрыемна пачалася мая сувораўская кар’ера. Але ўжо праз год была тут галоўным аграномам.

Працаваць пад кіраўніцтвам Алега Валодзькі было нялёгка, але цікава. Ён ніколі не задавальняўся дасягнутым. Імкнуўся да новага, перадавога, вёў за сабой спецыялістаў. Вазіў нас па вопыт у Германію. Быў вельмі патрабавальным, нікому не даваў спуску. Але калі ў раёне праходзіла абарона мерапрыемстваў, мы былі за сваім старшынёй як за каменнай сцяной. Ён гарой стаяў за кожнага. Радавалі паказчыкі — атрымлівалі па 40 і больш цэнтнераў зерневых з гектара. І ўжо да нас сталі прыязджаць вучыцца гаспадарыць.

Я часта спрачалася з Алегам Адольфавічам па вытворчых пытаннях, адстойваючы сваю пазіцыю. Але крыўды на кіраўніка не засталося, бо бачыла, як ён усяго сябе аддаваў справе. Працуюць у начную змену трактарысты ў полі — іх кантралюю не толькі я, але і старшыня. Самалёт грамадзянскай авіяцыі ўносіць на палі мінеральныя ўдабрэнні — Валодзька ў кабіне побач з лётчыкам. І так ва ўсім.
Асобная тэма — спагаднасць Алега Адольфавіча. Калі каго адольвала цяжкая хвароба ці здаралася непапраўнае, старшыня заўсёды прыходзіў на дапамогу. Дзякуючы яго сувязям выратавана не адно жыццё. А вось свайго не шкадаваў, цалкам аддаючыся зямлі і людзям, якія на ёй працуюць.

Ліна Казенка:

— Валодзька вырашыў развесці ў калгасе кароў чорна-пярэстай пароды. У 1972 годзе недзе закупіў 25 цялушачак. Іх паставілі на дарошчванне на ферме ў Баравінніках. А калі тыя выраслі і расцяліліся, спатрэбілася даярка. Старшыня надумаў назначыць мяне. Адмовілася, хоць і мела вопыт работы на ферме, але ўжо 10 гадоў працавала ў паляводстве. У сям’і было двое дзяцей-школьнікаў, муж пастаянна заняты на трактары. А мне трэба было і з хатняй гаспадаркай управіцца, і дзяцей дагледзець. Пайсці на ферму — значыць, нават выхадных не мець. Таму і не збіралася. Але Алег Адольфавіч не адступіўся: «Ліна, міленькая, хоць два тыдні падаі, — прасіў. — А там зной­дзем табе замену».

Два тыдні расцягнуліся на 27 гадоў. А з тых першых 25 цялушачак у гаспадарцы з часам вырас вялікі высокапрадукцыйны дойны статак. Год за годам на фермах шырэй укаранялася механізацыя, паляпшаліся ўмовы працы. Памятаю, рыхтаваліся да рэспубліканскай нарады. Па просьбе старшыні пабялілі кароўнік, насыпалі апілак, развесілі галінкі сасны, вымылі кароў. Зразумела, гэта ўразіла прысутных. Ды і самім было прыемна. Зрэшты, парадак падтрымлівалі заўсёды. Пасля нарады старшыня сабраў усіх нас, падзякаваў. Кожны атрымаў прэмію.

Алег Адольфавіч цаніў лю­дзей працы. Вось і мы з мужам атрымалі калгасную трохпакаёвую кватэру. Дапамагаў у кожнай цяжкай жыццёвай сітуацыі. Таму ўспамінаем яго з вялікай удзячнасцю. А вось да гультаёў, аматараў спіртнога, парушальнікаў працоўнай дысцыпліны адносіўся з усёй строгасцю.

Галіна Пішч:

— Падчас працы ў рэдакцыі райгазеты кожная мая журналісцкая сустрэча з Алегам Валодзь­кам была адкрыццём Асобы кіраўніка, які прадбачыў далёка наперад, да зорак ішоў праз церні і першым на Пастаўшчыне (ды ці толькі тут?!) закладваў асновы прагрэсіўных метадаў гаспадарання, будаваў вёску будучыні і выводзіў сувораўцаў у лідары, жыў іх лёсам. Запомніліся яго словы: «Лепш недабраць у вытворчасці, але не пакрыўдзіць чалавека. Часам штосьці можна дараваць, але не пакінуць сам-насам таго, у каго з нейкай прычыны здарыўся надлом. І пра кадры клапаціцца заўсёды, рыхтаваць іх, вылучаючы маладых на пасады». І яшчэ: «Калі не працаваць з людзьмі, не ствараць для іх зручнасцей, у чалавека не будзе імкнення дасягаць вышынь і больш зарабляць».

Ганарыўся Пастаўшчынай і яе людзьмі — залатым фондам нашай зямлі. Неаднойчы называў мне прозвішчы колішніх кіраўнікоў саўгасаў «Варапаева», «Старадворскі», «Дунілавіцкі», калгаса «Кастрычнік», у якіх вучыўся не толькі таму, як гаспадарыць, але і як жыць. Захапляўся неверагоднай працаздольнасцю старшынь калгасаў «Ленінскі шлях» і «Прагрэс».

А як балела душа Алега Адольфавіча за вяскоўцаў на памятным сходзе ў сярэдзіне 80-х, калі да калгаса імя Суворава далучалі дзве бедныя гаспадаркі — «Гігант» і «Ударнік»! Можна было беспамылкова вызначыць, дзе ў зале сядзелі сувораўцы (жанчыны ў пясцовых шапках і каўнярах), а дзе — суседзі ў сціплых фуфайках і кажушках. І ён даў слова, што і яны змогуць добра зарабляць і ў іх зменіцца жыццё да лепшага.

Дарэчы, з таго дня Алег Валодзь­ка пачаў весці дзённік, у які занатоўваў свае думкі, а пазней выкарыстаў пры напісанні кніг «Сын земли», «Сын земли и неба», «Жизнь как миг», у якіх расказваў пра пражытае і перажытае, сяброў, калег, паплечнікаў. Дарэчы, апошнюю з іх з подпісам аўтара я атрымала ў падарунак і вельмі ганаруся гэтым. А якія філасофскія вершы пісаў Алег Адольфавіч! Ён быў натхнёным творцам і на зямлі, і ў літаратуры.

 Запісала Фаіна Касаткіна



Читайте также:
Куры от «Каритаса» поселились почти на 40 подворьях многодетных семей Поставщины
Женщин Поставщины, которые любят работать на земле, обучили основам агробизнеса
Апанасевич Александр Владимирович — директор КПУП «Поставская типография»



Tagged

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.